ЗЬВЕРСТВА РАСЕЙСКАГА МОЛАХА

18 лютага 2006 г. Аўстрыйская газэта "Die Presse" публікуе артыкул пад назвай "Скандал з катаваньнямі ў арміі аслабляе пазіцыі пуцінскага кронпрынца". "Выздараўлівай, сынок".-сказаў міністар і віцэ-прэмьер Іваноў шэраговаму Сычову ў палаце шпіталя імя Бурдэнкі ў Маскве. Толькі Сычоў, у якога ампутавалі ногі і геніталіі, ніколі ўжо ня будзе здаровым. Ягоная сястра Марына прызналася аўстрыйскаму журналісту: "Мы жудасна напалоханы ўсім гэтым. Штогод у расейскай арміі забіваюць па 1000 чалавек. А Іваноў заяўляе, што "гэтае становішча нармальнае і не катастрафічнае". Пра што можна размаўляць з такім міністрам?" Аўстрыйскі рэпарцёр дзеліцца з чытачамі маскоўскай інфармацыяй пра тое, што скандал вакол Сычова ўзьнік невыпадкова (ну, сапраўды, гэта вельмі банальны выпадак у расейскім крымінальным войску). За скандалам стаіць Дмітрій Медведев, таксама віцэ-прэмьер. Малады і імпэтны Медведев (стаўленік Пуціна) зьбіраецца таксама прэтэндаваць на прэзыдэнцтва на выбарах 2008 г.. Для яго Іваноў ёсьць галоўны канкурэнт. Далей аўстрыйскі газэтчык паўтарае афіцыйную статыстыку пра тысячы забітых і скалечаных вайскоўцаў без вайны і страляніны. Ён згадвае таксама, што моладзь у вялікіх гарадах адкупляецца ад бранкі (такса ад 1000 да 5000 даляраў). У маладых з мястэчак і вёсак такіх грошай няма. Таму расейская армія паступова ператвараецца ў сапраўды "рабоча-сялянскую". Аўстрыец прыгадвае таксама апошнія статыстыкі з штаба ваенна-паветраных войскаў РФ. Пералічаны высокія лічбы наркаманаў, непісьменных, крымінальнікаў, нездаровых жаўнераў. У выніку даверыць зброю можна толькі 1/5 жаўнераў.

Наш камэнтар: Паступова і на Захадзе пачынаюць разумець крамлёўска-лубянскую ракіроўку з будучымі выбарамі. І сапраўды, з чаго гэта раптам ўсплыла гэтая справа з няшчасным жаўнерам? Вось і разгортваецца спаборніцтва паміж расейскімі міністрамі: хто больш скалечыў людзей, хто больш схаваў выпадкаў зьверства? Пра жахлівае становішча ў імпэрскай арміі даўно ўжо здагадалася расейская моладзь. Нашым маладым ня сьніліся такія масавыя ўцёкі ад мабілізацыі. Правільны аўстрыец зрабіў выснову, што ў вялікіх гарадах вялікія заробкі, таму там усе адкупляюцца. Ды не, адкупіцца і ў вялікіх гарадах хапае грошай далёка ня ўсім. Моладзь калечыць сабе, уцякае за мяжу, хаваецца ў мафійных бандах (куды баіцца саваць нос міліцыя), удае эпілепсію і хваробу душы. Ваенны молах Масквы дае збоі, патрабуе новых ахвяраў, іржавее без чалавечай крыві. Маскоўскія чыноўнікі даўно і ня раз агучылі для беларусаў правілы "едіного государства" — адзіныя законы, адзіная валюта, адзіная палітыка, адзіная армія. Украінская моладзь адэкватна зразумела гэтыя заявы і летась салідарна праваліла маскоўскі праект паняволеньня Украіны. Застаюцца пад пагрозай беларускія юнакі, якіх разам з нашай краінай зьбіраецца заглынуць расейскі імпэрскі монстр. Як і ўкраінцам, нам на гэтым этапе ня трэба будаваць барыкадаў і весьці абарончую вайну. Найбольш эфэктыўным спосабам абароны Айчыны і нашай моладзі зьяўляецца Народнае галасаваньне — правал маскоўскага праекту паняволяньня Беларусі.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ