КРЫЗІС РОЗУМУ

Мы ўжо камэнтавалі клінічныя паводзіны пуцінскага сябра Бэрлусконі, які публічна называў сабе Хрыстом. Аказваецца, Бэрлуска і ў свой кабінэт міністраў назьбіраў шэраг сацыяльна небясьпечных дзівакоў. Міністар па рэформах Кальдэролі, напрыклад, 17 лютага падчас свайго выступу па італьянскаму тэлебачаньню раптам рассьцябнуў на сабе кашулю і прадэманстраваў тэлегледачам маечку з выявай блюзьнерскіх антымусульманскіх карыкатураў. Міністар блюзьнерыў і на словах. Ужо праз некалькі гадзінаў у Лівіі дэманстранты пачалі паліць італьянскія сьцягі і штурмаваць будынак прадстаўніцтва Італіі. Паліцыя адкрыла агонь, забіты і паранены дзесяткі чалавек. (Такая цана блюзьнерства дзяржаўнага эўрапаяца.) Камэнтатары часам ужываюць у адносінах да шэрагу эўрапалітыкаў тэрміны "блазны", "марыянэткі", "прайдзісьветы", а ў адносінах да эліты Эўразьвязу — "небясьпечны балаган". Даведаўшыся пра апошнія навіны з Рыму, разумееш, што камэнтатары даволі адэкватна карыстаюцца гэтай лексікай. Дарэчы, Бэрлуска папрасіў міністра-правакатара сысьці ў адстаўку. Той гукнуў нешта ў стылі "врош, не вазьмёш" і адстаўляцца адмовіўся. Commedia dell'arte працягваецца.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ