АПРАЦОЎКА ПАСКУДЗТВАМ

20 лютага 2006 г. Французкая газэта "Le Figaro" піша пра канцэрт славутага рок-гурта "Ролінг Стоўнз" у Бразіліі. За ўсе 44 гады сваёй кар'еры гэтыя музыканты ня зьведалі такога трыюмфу. У Рыа-дэ-Жанэйра на канцэрт сабралося больш за мільён чалавек, якія энтузіястычна віталі гурт.

Наш камэнтар: Многія тэлеканалы паказалі гэты канцэрт гурта, творчасьць якога сапраўды ўжо сталася клясікай. Цікава выказваліся зусім маладыя бразільскія падлеткі: "Гэтую музыку любяць мае бацькі, дзед і баба. Мне таксама яна падабаецца..." Старэйшыя пакаленьні беларусаў таксама захапляліся творчасьцю гэтага гурта. У саўдэпіі знаёмства з сучаснай музыкай адбывалася праз ідэялягічныя перашкоды ("тлетворное вліяніе" і г.д.), камісарскія забароны і глухую сьцяну бездарнай расейскай папсы. Папсой нам спрабавалі сапсаваць густ, адвярнуць ад сапраўднай творчасьці, яшчэ раз татальна прамыць мазгі. Пахмутаўскія песьні "Не расстанусь с комсомолом", "А короче — БАМ" і розныя "Мой адрес не дом і не уліца, а советскій союз" грымелі з кожнай афіцыйнай падваротні. У Маскве да сьмерці зацкавалі свайго Высоцкага, у Беларусі пасьля (небясьпечнага для русіфікатарскай палітыкі) нацыянальнага ўздыму нашых "Песьняроў" пачалі ляпіць розных бяздарных раінчыкаў і паплаўскіх. І вось ізноў вяртаецца гэты рэжым культурнай ізаляцыі беларускай моладзі ад лепшых дасягненьняў сусьветнай культуры, рэжым шызоіднай дэнацыяналізацыі і расейскага хлява. Цяпер, аднак, гэта зрабіць не так лёгка, як пры саветах. Наша моладзь прызвычаілася да інтэрнэту, да паездак за мяжу, да сустрэчаў з равесьнікамі з розных краінаў, да шырокага рынку музычнай прадукцыі. Але паглядзіце: "Ролінг Стоўнз" заехалі нават у далёкую Бразілію. А ў Беларусь, што ў цэнтры Эўропы, ужо больш за дзесяць гадоў ня сунуў носа аніводзен папулярны эўрапейскі або амэрыканскі гурт, аніводная тэатральная трупа, аніводная выстава з Дрэздэнскай галерэі або якога амэрыканскага музэю (нават у 1970-я гады мы шмат што бачылі і слухалі ў Менску і іншых гарадах). Сусьветную культуру, культурніцкі дыялёг з іншымі народамі шклоўскі рэжым спрабуе замяніць хваляй нізкапробнага русіфікатарскага сурагату. Хто толькі ня цёрся за гэтыя гады на нашых сцэнах. Маскоўскія акцёры і сьпевакі халтурна і "пад фанэру" удавалі "велікое русское іскусство" на ўзроўні, за які іх абсьвісталі б нават у Разані і Ханты-Мансійску. Расейская папсовая бразготка ўжо больш за дзесяць гадоў выдаецца нам у якасьці найвышэйшага ў сьвеце ідэялу. Мясцовыя бездары — усякія сьмешныя навуменкі, безгалосыя абашавы — "трымаюць нос па ветру" і хуценька зарыентаваліся, што "петь можна толькі па-руску". І пачалося. Падчас цяперашняй выбарчай кампаніі БТ рэгулярна паказвае гэтыя нізкапробныя тусоўкі пад шклоўскімі чырвона-зялёнымі сьцягамі. Безгалосыя "мастера эстрады" штораз гукаюць "За Беларусь", а потым пачынаюць пілікаць і гудзець на чужой мове чужой краіны. Блюзьнерскі антыбеларускі сэнс гэтых шоў рэалізаваны ў тандэтных і змрочна-аляпаватых формах. Заўважна нават, што большасьць маладзёвай аўдыторыі агаломшана сядзіць у зале і не ўключаецца ў лямант, што ляціць са сцэны. Зразумеўшы гэта, арганізатары шоў вымушаны былі ўключаць праз дынамікі заранёў запісанае галёканьне, якім яны спрабуюць перакрыць маўчаньне разгубленай залі. Вядома, што ў постсавецкія Летуву, Украіну, Эстонію круглы год прыязджаюць славутасьці сучаснай музычнай культуры. А для маладых беларусаў застаецца толькі цёмны ўсходні тунэль. Трэба ж вырвацца з гэтай цемры, агледзецца і ўбачыць, які прыўкрасны і стракаты-разнастайны сьвет.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ