РАСЕЯ ПАТРАБУЕ РАБОЎ

У апошні дзень каляндарнай зімы ў Маскве выступала міграцыйнае начальства. Прадстаўнік Фэдэральнай міграцыйнай службы РФ Н. Власова заявіла, што "Расеі патрабуецца каля аднаго мільёна мігрантаў-чарнарабочых". Прычына такой патрэбы ў тым, што "скарачаецца колькасьць працаздольнага насельніцтва Расеі, а таксама ў шкодных і небясьпечных умовах працы і нізкіх заробках чарнарабочых". Адным словам, расейцы альбо памерлі альбо ня хочуць працаваць у жудасных умовах. Значыць на небясьпечныя і шкодныя месцы працы Расея гатовая запрасіць замежных рабоў. На гэтай прэс-канфэрэнцыі выказаўся таксама і выканаўчы дырэктар Міжнароднай Арганізацыі Працы (адна з заходніх арганізацыяў-абаронцаў пралетарыяту). Гэты Кары Тапіола сказаў: "Сучаснае грамадзтва мае патрэбу ў мігрантах. Галоўнае, каб яны мелі тыя ж умовы, што і мясцовыя рабочыя". Ну, дык жа тов. Власова так і сказала: "умовы шкодныя і небясьпечныя..." Мы думалі, што Тапіола запрашае сваіх фінскіх суайчыньнікаў паднімаць Расею ў такіх умовах. Але ж не — ён меў на ўвазе некага іншага. Власова паведаміла таксама, што цяпер у Расеі працуюць 500 тысячаў легальных імігрантаў, а яшчэ ад 5 да 11 мільёнаў нелегальных. Дзякуй, канешне, маскоўскаму і эўраначальству за шчырасьць. Яны не паўтараюць прыёмы брэжнеўскай прапаганды зь яе "приезжай ко мне на БАМ, я тебе лопату дам..." Яны запрашаюць на сьмерць і калецтва беларусаў, украінцаў, узбэкаў, таджыкаў, малдаванаў — усіх тых, хто ня сьпіўся, хто умее працаваць. Постсавецкія "нэгры" будуць "делать работу чёрную..." (Маякоўскі), а белы расеец "будет делать работу белую..." Вось такую "цывілізатарскую місію" прапануе рабочым людзям жудасная і гнілая імпэрыя.

Янка Базыль, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ