УЛУФ ПАЛЬМЭ І КГБ

1 сакавіка 2006 г. Нарвэжская газэта "Aftenposten" піша пра мэмарыяльныя мерапрыемствы ў Стакгольме. Дзяржаўныя асобы і грамадзяне ўскладалі кветкі на месца забойства і магілу Улуфа Пальмэ. Прэмьер Швэцыі быў забіты роўна 20 гадоў таму. Калі ён выходзіў з жонкай з кінатэатру (ня маючы аховы), невядомы сьмяротна параніў яго стрэламі ў плечы. Была паранена таксама і жонка, але яна перажыла гэты тэракт.

Наш камэнтар: Сацыял-дэмакрат Улуф Пальмэ застаўся ў гісторыі як палітык, што пасьлядоўна абараняў нэйтралітэт і самастойную пазіцыю ў сьвеце Швэцыі. Ён быў папулярным пры жыцьці, народ не забывае яго і праз дзесяцігоддзі. Нават амэрыканскім хаўрусьнікам ён умеў паказаць самастойнасьць палітыкі Швэцыі. Напрыклад, удзельнічаў у дэманстрацыях супраць вайны ў Інда-Кітаі. Не кланяўся перад Масквой (як многія ягоныя цяперашнія заходнія калегі). Падтрымліваў праграмы дапамогі адсталым краінам. Паліцыя і спэцслужбы дагэтуль ня высьветлілі, хто і за што забіў папулярнага палітыка. Дзіўна, што вэрсія лубянскага забойства аніразу не разглядалася сярод розных гіпотэзаў справы Пальмэ. Для Масквы, якая рыхтавала сваю лубянскую "перастройку" і абнаўленьне свайго панаваньня ў Эўропе, быў надта нявыгадным самастойны швэдскі палітык, чалавек арыгінальных паводзінаў, які ня ўлазіў у крамлёўскія стэрэатыпы заходняга лёкая. Калі на руінах Лубянкі будуць працаваць дасьледчыкі з розных краінаў, то і швэдам знойдзецца дастаткова працы.

Юрка Марозаў, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ