МАРНУЕЦЦА ШАНЦ

3 сакавіка 2006 г. Швэйцарская газэта "Neue Zuercher Zietung" друкуе сэнсацыйны матэр'ял пад тытулам "Выбуховы настрой у Беларусі". Цытуецца начальнік КГБ РБ Сухаранка з ягонымі заявамі пра мільёны заходніх грошай на каляровую рэвалюцыю ў Менску, пра падрыхтоўку выбухаў пасярод дэманстрацыяў апазыцыі рукамі той жа апазыцыі. Паведамляецца пра "народное собраніе" і прамову шклоўскага начальніка. Цытуецца Мілінкевіч, які кажа пра "мы выведзем людзей на вуліцы". Сам Мілінкевіч характарызуецца як "прадстаўнік мноства апазыцыйных груповак". Потым згадваецца "напад на кандыдата Казуліна", маладзёвыя дэманстрацыі ў цэнтры Менску 2 сакавіка і шыхты паліцыі. З усяго швэйцарскія спэцы робяць выснову, што ў Беларусі (у літаральным перакладзе з нямецкай — Белай Расеі) назіраецца "выбуховы настрой".

Наш камэнтар: Адкуль набраліся такога настрою швайцарцы? Адкуль такая "бліскучая" аналітыка? А вось адкуль. Газэта спасылаецца на "журналіста радыё Свабоды", а рэпартаж падаецца з Прагі. Усё становіцца зразумелым. Шкада, што ня згадваецца імя свабодаўскага "інфарматара" (хаця якая розьніца?). Свабодаўскі спэцыяліст павесіў чарговую порцыю псэўдаапазыцыйнай лапшы на вушы швайцарскім газэтчыкам, а яны радыя старацца — цісканулі гэта ў газэту. На самой справе 2 сакавіка каля паўтары тысячы чалавек сабраліся ў цэнтры Менска пад расцяжкай "За Беларусь зь Мілінкевічам". Перад імі выступілі Мілінкевіч і Казулін. Выступы выключна на расейскай мове (такія вось "павядуць за Беларусь"). Зноў заклікалі да "рэвалюцыі 19 сакавіка". Гледзячы на ўсю гэтую пастаноўку падстаўных акцёраў, становіцца зразумелым, што "масоўкі" ня будзе, што фактычна людзей блытаюць, заводзяць у тупік, каб адвесьці ад Народнага Галасаваньня — ад адзінай на сёньня рэальнай магчымасьці выбіць апору з-пад ног Лукашэнкі. Людзі глядзяць на гэтых прамоўцаў і вераць сваім пачуцьцям, спадзяюцца на цуд, не заўважаюць, што ўсіх вядуць ў падрыхтаваны тупік. Але цуду ня будзе, бо ў яго ня вераць самы акторы (Мілінкевіч у гэтым прызнаўся). Шкода глядзець як у каторы раз Беларусь марнуе свой шанц. Тым больш, што Народнае Галасаваньне найперш можа перамагчы якраз ў Менску. Трэба скарыстаць гэтую магчымасьць.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ