ЛУКАШЫЗМ У РАСЕІ

4 cакавіка 2006 г. Швэдская газэта "Dagens Nyheter" публікуе рэпартаж з Масквы. На вокладцы фотаздымак з ганку Лубянкі. Міліцыянты валакуць дэманстранта, у якога ў руках плякат "ФСБ, ты не можешь не врать — ври да не завирайся!" Старшыня расейскага таварыства "Мэмарыял" Алег Арлоў расказвае журналісту пра прыняты нядаўны новы закон РФ аб недзяржаўных арганізацыях. Цяпер гэтыя арганізацыі пастаўлены пад поўны кантроль мінюста. Улады могуць ліквідаваць іх, калі яны "пагражаюць канстытуцыі, маралі, здароўю грамадзтва і абароназдольнасьці краіны". Пуцін яшчэ летам мінулага году заявіў на сустрэчы з прадстаўнікамі недзяржаўных арганізацыяў, што "мы не дапусьцім, каб замежны капітал аплочваў гэтыя арганізацыі". Арлоў працягвае: "Пуцін баіцца нечага накшталт украінскай рэвалюцыі. Мацуе сваю ўладу і хоча ісьці на трэці прэзыдэнцкі тэрмін. Пуцін папулярны ў расейскім народзе. І калі захоча, то яго зноў абяруць. Ён спачатку задушыў палітычных супернікаў, потым незалежную прэсу, потым парлямант і вольнае гаспадарчае жыцьцё. Цяпер настала чарга няўрадавых арганізацыяў. Многія ў Расеі думаюць, што крытыка ўлады — гэта непатрыятычна. Калі 60 чалавек выйшлі з пратэстам каля лубянскай канторы, то іх разагнаў ОМОН".

Наш камэнтар: Забыўся толькі згадаць сп. Арлоў, што ўсе гэтыя крокі да гэбоўскай тыраніі пуцінскі рэжым апрабаваў спачатку ў Беларусі, выкарыстоўваючы антынародны прамаскоўскі шклоўскі рэжым. Пагуляўшыся з марыянэткамі, лубянцы адклалі лялькі, выйшлі з-за шырмы і пачалі душыць і разганяць тымі ж мэтадамі публіку ў расейскай глядзельнай залі. Пакуль ішоў лялечны спэктакль нешта не чутно было пратэстаў гэтага Арлова і ягоных калегаў-праваабаронцаў наконт агрэсіі іхнай Расеі супраць Беларускай дзяржавы і нашага народу. Яны глядзелі лялечны спэктакль і толькі часам рабілі крытычныя заўвагі пра няўдалую гульню лялькаводаў. А самы горача віталі "інтэграцыю брацкіх народаў", дадаючы часам: "ну, только не с Лукашенко, пожалуй..." Цяпер лубянскі Карабас-Барабас ганяе іх самых сваім бамбукавым кіем і забірае "тры сольдзі", атрыманыя з-за мяжы ад заходняй Мальвіны. Вось паводле вядомага сцэнару праваабарончы Пьеро і заплакаў у швэдскую манішку.

Юрка Марозаў, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ