У ПАРТУГАЛІІ НАРОДНЫ ПРЭЗІДЭНТ

5 сакавіка 2006 г. Партугальская газэта "Expresso" паведамляе пра першы афіцыйны выступ прэзыдэнта-электа Партугаліі Каваку Сілвы. Кансэрватыўны палітык, які перамог на апошніх выбарах заявіў: "Цяпер немагчыма ўваскрасіць Эўрапейскую Канстытуцыную дамову. Эўропа павінна супрацоўнічаць з ЗША, а не ўяўляць сабой альтэрнатыўную Злучаным Штатам сілу".

Наш камэнтар: Пасьля эўрапіліканьня розных "барозу" цьвярозыя разважаньні партугальскага кансэрватара нават зьдзіўляюць. Хаця вось як дзіўна, нас ужо зьдзіўляе нармальная лёгіка ў словах эўрапейскага палітыка. Настолькі мы прызвычаіліся да розных абсурдаў кшталту "русскій язык поможет укрепіть демократію в Беларусі" (гэта з творчай спадчыны незабыўнай Бэніты Фэрэры-Вальднэр). Сапраўды, як можна працягваць цырымонію з галасаваньнем па Эўраканстытуцыі (адкуль сацыялісты-бязбожнікі выкінулі нават згадку пра Хрысьціянства), калі два эўрапейскіх народы ўжо з грукатам правалілі на рэфэрэндумах гэты брусэльскі праект? Патрыёт Каваку Сілва (які з самай маладосьці змагаўся супраць партугальскай дыктатуры, вымушаны быў жыць на эміграцыі) добра разглядзеў нямецка-брусэльскую задумку з падпарадкаваньнем меншых краінаў царскай волі Эўразьвязу і канфрантацыяй з ЗША. Сілва ня хоча весьці свой народ на канфрантацыю з заморскай дэмакратыяй дзеля інтарэсаў бэрлінскіх бонзаў, якія хацелі б пагандляваць ня толькі беларусамі, але і шэрагам іншых народаў. Зьвяртае на сабе ўвагу таксама наступны тэзіс Сілвы: "У Партугаліі практычна няма лінгвістычных, этнічных або рэлігійных праблемаў..." Успомнім, што дыктатура давяла Партугалію да галечы, глыбокага сацыяльнага і эканамічнага крызісу, закінула краіну ў хвост эўрапейскай цывілізацыі. Пасьля народнай рэвалюцыі 1974 г., якая зьліквідавала дыктатарскі рэжым, краіна пайшла па шляху нацыянальнага Адраджэньня і ў хуткім часе дасягнула вялікіх посьпехаў. Кампактная тэрыторыя (у тры разы менш за Беларусь), такая ж, як у нас, колькасьць насельніцтва (10 мільёнаў), суседства з вялікай дзяржавай (Гішпаніяй), якая заўсёды імкнулася падпарадкаваць партугальцаў — усе гэтыя рысы прыпадабняюць Партугалію і Беларусь. Гэты эўрапейскі прыклад дэманструе нам, якіх посьпехаў дасягне Беларусь, калі пазбавіцца ад цемрашальскай дыктатуры і расейскай навязьлівасьці. Наш народ здольны на стваральную працу і зойме пачэснае месца ў сямьі эўрапейскіх народаў.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ