ВЫБАРЧАЯ КАМПАНІЯ РУХАЕЦЦА ПА ПРАВІЛАХ РЭЖЫМУ

9 сакавіка 2006 г. Латвійская газэта "Diena" друкуе артыкул пад тытулам "Беларускую апазыцыю арыштамі прымушаюць замаўчаць". Паведамляецца пра арышт "вядомага апазыцыянэра А. Лебедько" і штраф пасьля ягонай сустрэчы з 200 чалавекамі ў Магілеве. Латвійскі журналіст нагадвае таксама пра нядаўняе "зьбіцьцё і арышт Казуліна".

Наш камэнтар: Можа ўпершыню рыжскі рэпарцёр прызнаецца, адкуль ён набраў гэтых "драматычных" фактаў. А набраўся ён іх на сайце Хартыі-97, адной з вядомейшых жульніцкіх кантораў, створаных псэўдаапазыцыяй пад патранажам КГБ. Шклоўскі рэжым і ягоныя маскоўскія гаспадары вырашылі пад заслону актывізаваць спэктакль з псэўдавыбарамі і засьвяцілі некалькі сваіх правераных "імітатараў". Радыё Свабода і "Нар. Воля" застракацелі паведамленьнямі: "схапілі Вячорку, аштрафавалі Лебедько, пабілі Казуліна..." Праз падстаўную інфармацыйную сетку камбінатары псэўдавыбараў распаўсюдзілі гэтую надзьмутую палітычную самадзейнасьць па ўсім сьвеце. Вось і суседзі-латышы злавіліся на мякіне. Яны дагэтуль нават не прыслалі ў Беларусь хаця б аднаго рэпарцёрыка, каб разабрацца ў сітуацыі (ім і так "усё ясна"). Хаця ўжо вядома, што з Казуліна падчас інцыдэнту толькі зьляцела футравая шапка. Камітэтчыкі ня сталі лупцаваць свайго ж калегу-актывіста. Але трэба было стварыць падзею. Тады дзяржыморды рэжыму моцна пабілі журналіста "Комсомольскай правды" (які стаяў каля Казуліна), паламалі яму нос і рэбры. Нешта ня згадваюць пра гэта рыжскія аглядальнікі. Дзе ж журналісцкая салідарнасьць, дзе элемэнтарны розум? Вядома, што інтэрнэт даўно ўжо зрабіўся зброяй спэцслужбаў дзеля стварэньня дыстортнай карціны падзяў. Але ня хочуць заўважаць гэтага постсавецкія назіральнікі ў Рызе. Няма чаго зьдзіўляцца, што пад сурдзінку дэзы шмат людзей па ўсім сьвеце спачуваюць "прітеснённым русскоязычным жітелям Латвіі". Ідзе гульня па тых жа правілах, заснаваных на глупстве і недасьведчанасьці кліентаў.

Юрка Марозаў, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ