“ПОДМОСКОВНЫЕ ВЕЧЕРА”

10 сакавіка 2006 г. Славацкая газэта "Novy Cas" піша пра "атамны суд" над Іранам, наладжаны ў Вене МАГАТЭ (міжнароднай агенцыяй па атамнай энэргетыцы). Нечакана ў якасьці абвінавайцы выступіў іранскі атамны прадстаўнік Джавад Ваідзі. Ён заявіў: "Іран вымушаны будзе пераглядзець сваю палітыку экспарту нафты ў выпадку, калі пытаньнем яго ядзернай праграмы зоймецца Рада Бясьпекі ААН". Усе ў залі зразумелі, што ў выніку ізаляцыі Ірану (краіны-экспарцёра нафты) могуць рэзка падскочыць цэны на нафту.

Наш камэнтар: Нешта знаёмае чытаецца ў гэтай лексіцы, лёгіцы і тоне тэгеранскіх пагрозаў. Ах, так-так, дык гэта ж стыль маскоўскай газавай вайны, якая разыгралася зусім нядаўна ў навагоднюю ноч. Вось у каго навучыліся пэрсы, як палохаць заходнія цывілізацыі. "Мы вам вэнтыль закруцім!" — папярэджвае чалавек у чорнай чалме. Сапраўды, іранцы спакойна могуць пражыць, ацяпляючы свае дамы саломай (пакуль маскоўцы ня скончаць будаўніцтва мясцовай АЭС). А вось у заходнікаў без энэрганосьбітаў можа ўсё спыніцца. Масква на вачах у Захаду (і па заданьню Эўразьвязу) так "урэгулявала" іранскія атамныя справы, што на межах Эўропы і Азіі пара капаць акопы, а ў Брусэлі і Тэль-Авіве рыхтаваць газавыя маскі і бомбасховішчы. Расея пад сваім патранажам стварае хаўрус з народаў і краінаў, якія (у адрозьненьне ад заходнікаў) гатовыя на ўсё, на любыя ахвяры дзеля дасягненьня сваёй мэты, якія здольныя на ірацыянальную нянавісьць і на бясконцую вайну любымі мэтадамі. Пры гэтым, тов. Пуцін чорную чалму ня носіць, ўсё кажа, што "міру мір". І вось на грошы Захаду (які так хацеў захаваньня СССР, а потым так жадаў "дэмакратызацыі РФ") у маскоўскай імпэрыі сфармаваўся лубянска-дзяржаўны монстр. Пачвара зьбірае вакол сабе ўсіх пакрыўджаных і агрэсіўных, рыхтуе чарговы Drang nach Westen. Пра гэта заходнікаў папярэджвалі беларускія, украінскія, балтыйскія і каўказкія нацыяналісты ("не давайце грошай Крамлю, падтрымайце былыя калёніі Расеі, што сталіся незалежнымі дзяржавамі..."). Але заходнікам хацелася гуляць "по крупному", яны ўсё шукалі "необ'ятный русскій рынок". А знайшлі шантажыста і забойцу, які зьбірае кодлу экзотаў. Вось і дагуляліся ў "подмосковные вечера".

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ