ІНФАРМАЦЫЙНАЯ ХАЛТУРА

15 сакавіка 2006 г. Нямецкая газэта "Frankfurter Allgemeine Zeitung" дае рэпартаж пад тытулам "Твар Беларусі". У падтытул вынесена "крылатая цытата" з Мілінкевіча: "Я застануся тут, што б ні было са мной". Далей журналіст апісвае сустрэчу Мілінкевіча з выбаршчыкамі ў менскім кінатэатры "Салют" і піша: "Вось стаіць нехта, хто ўжо больш не баіцца. Супраціў дыктатуры атрымаў свой твар". Апісваюцца выбаршчыкі і супрацоўнікі спэцслужбаў (якіх журналіст параўноўвае з гестапа часоў гітлерызму). Далей ён пераказвае пафасны момант выступу "агульнага": "Мілінкевіч упэўнены, што выбары будуць сфальшаваныя, але заклікае прайсьці гэты шлях да канца...".

Наш камэнтар: Узяў бы немец ды спытаўся ў "твару беларускай дэмакратыі": "Ну, калі выбары сфальшаваныя, то навошта ты заклікаеш да ўдзелу ў фальшывых выбарах? А да таго ж — што значыць гэтае "прайсьці шлях да канца"? Толькі немец не спытаўся пра гэта ў Мілінкевіча. Не спытаўся таксама пра ягоную эканамічную або сацыяльную праграму, пра ягоныя адносіны да Расеі. Не спытаўся таму, што "адзіны і непаўторны" сказаў бы яму, што зьбіраецца рабіць інтэграцыю з Расеяй яшчэ шчыльней, чым гэта робіць Лукашэнка. Сказаў бы, што ў Беларусі няма беспрацоўя і ўсё ідзе добра. Пра гэта дэкаратыўны Мілінкевіч кажа ў адкрытую ў Беларусі і па-за яе межамі. Але такіх цытатак не зразумеў бы нямецкі чытач, спытаў бы хіба: дык навошта тады мяняць Лукашэнку, калі Мілінкевіч такі ж самы? Задача франкфуртскага балбатуна была іншая: стварыць драматычную замалёўку на матэр'яле пустой і фальшывай мітусьні псэўдаапазыцыі, якая разыгрывае спэктакль і сама ня верыць у сваю перамогу. Задача мітусьні — накіраваць пратэстны электарат на выбарчыя ўчасткі "аддаць свой голас" (памятаеце колішняе "скажы сваё "не" Лукашэнку"), зрабіць тое, што й трэба рэжыму. Немец малюе апазыцыйнага Мілінкевіча яркімі фарбамі. Кожны немец успомніць бацьку Рэфармацыі Марціна Лютэра, які стоячы перад імпэратарам, князямі і біскупамі заявіў у Вормсе у 1520 г., баронячы сваю пазыцыю: "Я тут стаю..." Але атрымліваецца мізэрнае ўражаньне ад гэтага параўнаньня. Бачна, што й сам немец, выконваючы рэдакцыйнае заданьне, ня ведаў пра што пісаць, разумеючы фальшывасьць гэтай публікі.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ