“АХВЯРЫ ДЫКТАТУРЫ”

15 сакавіка 2006 г. Швэдская газэта "Dagens Nyheter" паведамляе пра арышт у Горадні двух швэдскіх актывістаў, якія спрабавалі назіраць за выбарамі. Сяброў Народнай Партыі Швэцыі Томаса Окмана і Бьёрна Стэнстрома схапілі каля выбарчага ўчастку і пратрымалі тры гадзіны ў міліцэйскім пастарунку. Цяпер яны вернуцца на радзіму героямі. Іхная калежанка Сэсілія Вігстром тлумачыць: "Падчас папярэдняга галасаваньня на працягу пяці дзён урны будуць стаяць на ўчастках. Ёсьць праблема з верагоднасьцю выбараў".

Наш камэнтар: Іншых праблемаў швэдскія "аналітыкі" на выбарах у Беларусі ня бачаць. Лепш бы не прыязджалі такія "назіральнікі". Дарэчы, цікава, а хто іх сюды запрасіў, рабіў пераклады і тлумачэньні? Яны так нічога і не зразумелі, нечакана стаўшы "ахвярамі дыктатуры". Уражвае бясконцая заходняя дурата ўсіх гэтых агітатараў і дэмакратызатараў. Але трэба прызнаць, што яны толькі пешкі ў арганізаванай гульні, мэтай якой у канцовай пэрспэктыве ёсьць здача Беларусі ў маскоўскі палон. За нягеглымі "назіральнікамі", аднак, стаіць сур'ёзная публіка, якая ўсё разумее і хватка кіруе працэсам. Іхнай ужытковай задачай ёсьць канчатковае заблытваньне і дэзарыентацыя беларускага і заходняга грамадзтва. Імітатары (накшталт ляўрэата ўсіх грантаўскіх "прэміяў" Бяляцкага) водзяць іх за ручку па нашай краіне, расказваюць свае баечкі, а ў пэўны момант здаюць іх на трохгадзінныя рэпрэсіі ў міліцэйскі пастарунак (часам нават у КГБ). Вярнуўшыся дадому, "героі" пераказваюць баечкі і арганізоўваюць псэўдапазэцыйным вадзільшчыкам новыя гранты. Скончыць з гэтым самадзейным тэатрам абсурду магло б Народнае Галасаваньне.

Юрка Марозаў, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ