РАСЕЯ ДАПАМАГАЕ ІРАНЦАМ ЗРАБІЦЬ АТАМНУЮ БОМБУ

10 сакавіка да Беларусі пачалі даходзіць зьвесткі з ЗША (і Масквы таксама), якія дапамаглі зразумець, чаму так мізэрна выглядаў расейскі міністар замежных справаў Лаўроў падчас нядаўняга візыту ў Вашынгтон. Справа ў тым, што дзе б ні зьяўляўся гэты Лаўроў, на яго насоўваліся шчыльнай масай амэрыканскія журналісты і задавалі тыя ж пытаньні: якое-такое патаемнае пагадненьне падпісаў Крэмль з іранцамі нядаўна і як Масква зьбіраецца цішком узбагачаць уран для іранскай бомбы? "Няма пагадненьня!" — лемантаваў бедны Лаўроў і круціўся ў розныя бакі. Вось, як бывае: і дзьверы крамлёўскія зачынялі і лубянскую ахову ставілі, а ўсё роўна нехта ўзяў і настукаў пра маскоўска-тэгеранскую змову (можа нехта з пэрсаў, а можа і свой лубянскі кадр). Заходнікі схапілі жулікаў на гарачым учынку. Патрыёты-нацыяналісты розных падсавецкіх народаў папярэджвалі хітрамудрых заходнікаў (у тым ліку і амэрыканцаў) яшчэ ў часы гарбачоўскай "перастройкі": "Ня верце крамлёўскай балбатні пра дэмакратыю, гэта толькі словы. Не давайце ім грошы на "дэмакратызацыю і захаваньне СССР". Галоўная іхная задача засталася, як і раней — зьнішчэньне заходняй цывілізацыі...". Не паслухалі тады заходнікі разумных людзей, назвалі іх "аматарамі", якія "не разумеюць глябальнай палітыкі". А крамлёўцы заходнія грошы скралі, расейскую імпэрыю захавалі і цяпер з дапамогай іранскіх фанатаў будуць падвешваць над галавой грантадаўцаў магутную атамную бомбу. Вось такая "глябальная палітыка"...

Ужо 11 сакавіка зашумелі ў Маскве. "Товарішчі обіделісь і возмутілісь". Афіцыйны прадстаўнік МЗС РФ Камынін грымеў па НТВ пра "падвойныя стандарты" і "русафобію" у Дзярждэпе ЗША. Кіраўніцтва Дзярждэпартаменту ЗША ў апошнія дні ня толькі раскрыла публічнасьці праўду пра расейска-іранскую атамную змову, але зрабіла яшчэ пару сур'ёзных паведамленьняў. Па-першае, ЗША афіцыйна заявілі, што не прызнаюць магчымае далучэньне Беларусі да Расеі, бо "такое далучэньне можа быць зроблена толькі ў выніку дэмакратычнай волі беларускага народу — а цяпер беларускі народ ня мае такой дэмакратычнай волі". Па другое, Дзярждэп заявіў, што ў Расеі ідзе працэс канцэнтрацыі ўлады ў Крамлі, абмежаваньне СМІ, палітычны ціск на суды і перасьлед недзяржаўных арганізацыяў, парушаюцца таксама правы чалавека на Каўказе. Камынін грозна насупоніўся і даў адлуп заходнікам: "В России идёт активная работа по совершенствованию системы, призванной обеспечить права и свободы граждан". У брэжняўскія часы пасьля такой крамлёўскай філіпікі іграла бадзёрая музыка і піянэры сьпявалі хорам: "Как хорошо в стране советской жіть..." Ад масоўкі, аднак, прышлося гэтым разам адмовіцца. Піянэры састарыліся і ў асноўным пасьпіваліся. Дзеці цяпер сьпяваюць рэп і запісаліся ў панкі. Толькі ў міністэрстве на Смаленскай плошчы нічога не зьмянілася, у неправетраным хмарачосе пануе гнілы грамыкаўскі дух.

Янка Базыль, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ