БЕЛАРУС МАЎЧЫЦЬ

18 сакавіка 2006 г. Нарвэжская газэта "Nationen" цытуе Лукашэнку, які паабяцаў "скруціць галаву" праціўнікам свайго рэжыму. А потым дае цытату з Хаўера Саляны (начальніка з Эўразьвязу), які пагражае суровымі санкцыямі Эўразьвязу супраць шклоўскага рэжыму. Нарвэжцы падаюць гэтыя зьвесткі ў сувязі з выступам Лукашэнкі на сталічным аўтазаводзе.

Наш камэнтар: Вядома, што ў адносінах да афрыканскіх людаедзкіх рэжымаў заходні эстэблішмэнт заўсёды выкарыстоўваў схему падвойных стандартаў (маўляў, дык яны ж афрыканцы, есьці людзей там традыцыя...). З людаедам Бакасай, які называў сабе імпэратарам Цэнтральна-Афрыканскай імпэрыі, французы падтрымлівалі сяброўскія адносіны ў 1970-80-я гг. Прэзыдэнт Жыскар Д'Эстэн нават прымаў з крывавых рук дыямэнты ў падарунак. Аднак, калі Бакаса пасьля народнага паўстаньня ўцёк у Францыю, "парыжскія сябручкі" нават не дазволілі яму выйсьці з самалёта. Яны накіравалі скінутага дыктатара назад, дзе яго ўжо чакаў канвой і трыбунал. Са шклоўскім рэжымам Захад таксама доўга гуляецца. Усім ужо даўно зразумела, што ў Беларусі разгортваецца выбарчы фарс, парушаюцца ўсе законы, рэжым трактуе грамадзянаў як быдла, здзекваецца з міжнародных назіральнікаў. Ужо цяпер Эўразьвяз павінен быў бы заявіць пра непрызнаньне гэтай фальшыўкі. Але ж не, брусэльскія структуры арганізавалі шумную падтрымку падстаўному Мілінкевічу, балбочуць пра нейкі "выбар народу" там, дзе ўжо даўно няма дэмакратычнага выбару. І робіцца гэта ня толькі таму, што ў Брусэлі чагосьці "не разумеюць" або таму, што баяцца раздражніць Маскву, на якой трымаецца шклоўскі рэжым. Беларусы ўрэшце павінны здагадацца, убачыць, што Брусэль-Бэрлін разам з Масквой разыгрываюць свой сумесны праект па зьнішчэньню Беларускай дзяржавы. Варожы маскоўска-бэрлінскі хаўрус мяркуе зганьбіць рукамі шклоўскай дыктатуры наш народ і нашу краіну перад усім сьветам, а потым "выратаваць" нас, аддаўшы ў абдымкі "дэмакратычнай Расеі". Цяпер яны сталі хітрэйшымі з гэтым праектам пасьля правалу такой жа авантуры на Украіне, дзе народ, стомлены маскоўскім нахабствам, пагнаў падстаўнога маскоўскага агента Януковіча. Ня ўсё ладзіцца і з антыбеларускім праектам. Паказваючы выступ Лукашэнкі на менскім аўтазаводзе, нават афіцыйнае БТ не магло схаваць самае галоўнае — халодныя твары рабочых, якія маўкліва слухалі начальніка. Калі беларус маўчыць — гэта ўжо пагрозьлівая рэакцыя. (Але пра гэта нарвэжская газэта не напіша).

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ