РЭПРЭСІІ Ў МЕНСКУ СУПРАЦЬ СЯБРОЎ КАНСЭРВАТЫЎНА-ХРЫСЬЦІЯНСКАЙ ПАРТЫІ — БНФ

Антыбеларускі рэжым працягвае паляваньне на патрыётаў.

22 сакавіка непадалёк ад Цэнтральнай плошчы міліцыя затрымала Алега Борына (з Салігорску), сябра Сойму Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне" і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. У выніку парадыйнага судзілішча сп. Борына прыгаварылі да 10 сутак адміністрацыйнага зьняволеньня.

Уначы на 24 сакавіка падчас разгрому спэцназам намётавага гарадка былі арыштаваны сябры Сойму Фронту і Партыі Дзьмітры Якаўцаў (з Гомлі), Уладзімер Раманцоў, а таксама сябры Партыі Алег Граблеўскі (з Воршы) і Леанід Мурэнка (з Навалукомля). А 12:00 сябры Партыі прышлі да муроў на Акрэсьціна, дзе сустрэлі сп. Уладзімера Юхо, які адбыў 5-дзённы арышт пасьля прысуду 20 сакавіка. Трошкі пазьней з брамы Акрэсьціна выехалі некалькі аўтобусаў з арыштаванымі патрыётамі, якіх павезьлі на судзілішча.

Нягледзячы на шалёныя рэпрэсіі шклоўскага прамаскоўскага рэжыму, беларусы працягваюць барацьбу за вызваленьне Айчыны.

Інфармацыйная камісія КХП-БНФ