РЭПРЭСІІ Ў МЕНСКУ СУПРАЦЬ СЯБРОЎ КХП — БНФ

Антыбеларускі рэжым працягвае паляваньне на патрыётаў. 22 сакавіка непадалёк ад Цэнтральнай плошчы міліцыя затрымала Алега Борына, сябра Сойму Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне" і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. У выніку парадыйнага судзілішча сп. Борына прыгаварылі да 10 сутак адміністрацыйнага зьняволеньня.

Уначы на 24 сакавіка падчас разгрому спэцназам намётавага гарадка былі арыштаваны сябры Сойму Фронту і Партыі Дзьмітры Якаўцаў, Уладзімер Раманцоў і сябра Партыі Алег Граблеўскі. А 12:00 сябры Партыі прышлі да муроў на Акрэсьціна, дзе сустрэлі сп. Уладзімера Юхо, які адбыў 5-дзённы арышт пасьля прысуду 20 сакавіка. Трошкі пазьней з брамы Акрэсьціна выехалі некалькі аўтобусаў з арыштаванымі патрыётамі, якіх павезьлі на судзілішча.

Нягледзячы на шалёныя рэпрэсіі шклоўскага прамаскоўскага рэжыму, беларусы працягваюць барацьбу за вызваленьне Айчыны.

Інфармацыйная камісія КХП-БНФ