ПАДМЕНА СЫМВАЛАЎ — ПРЫКМЕТА ЗДРАДЫ

Падзеі 19-25 сакавіка высьветлілі палітычную сутнасьць рэжыму, які перайшоў у фазу фашызму, а таксама яго спадарожніка — псэўдаапазыцыі, якая сфармавана Масквой з дапамогай Эўразьвязу.

Яшчэ ўвосень грантаўская псэўдаапазыцыя выкінула лёзунг "джынсавай рэвалюцыі". Удаючы хіпісаў, Мілінкевіч заклікаў адсунуць у бок сьвяты нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг, пад якім жылі і змагаліся за волю пакаленьні беларусаў. "Адзіны кандыдат" узьняў над маладымі беларусамі джынсавую шмату. Па гэтых прыкметах было зразумела, што ані Мілінкевіч, ані Казулін не прадстаўляюць народны беларускі рух за вызваленьне Айчыны ад расейскага фашыстоўска-лубянскага акупацыйнага рэжыму. Тэрмінова перафарбаваны ў апазыцыянэры Казулін (камсамольскі ватажка-стукач з юнацкіх гадоў) нават ня вывучыўся размаўляць па-беларуску, дагэтуль ня можа зьвязаць на нашай мове двух словаў. Псэўдалідэры спадзяваліся не на беларускі народ, а на Маскву, куды яны ездзілі на паклоны і прысягалі на вернасьць. "Наконец появился в Белоруссии политик, который любит Россию" — так на радыё "Эхо Москвы" 13 сакавіка кляўся ў вернасьці імпэрыі А. Казулін.

І вось гэтыя падстаўныя заклікалі грамадзянаў "ісьці да канца" (гэта значыць, ісьці на фальшывыя выбары і галасаваць па правілах фашыстоўскага рэжыму). Абодва падстаўныя адрынулі ідэю Народнага Галасаваньня. У выніку прамаскоўскі дыктатар прыпісаў сабе 83% галасоў падманутага народу і абвесьціў сваю чарговую "перамогу". Псэўдазмагары вывелі людзей на плошчу ў цэнтры Менску (рэжым называе гэтую плошчу Кастрычніцкай) увечары 19 сакавіка. І ўжо ў першы дзень пратэстаў моладзь узьняла над сабой Бел-Чырвона-Белыя Сьцягі. Махноўская чарната і вычварэнскі блакіт прыдуманых, навязаных сьцягоў раптам згубілася ў вечаровых прыцемках. Сьцяг Ісуса Хрыста — Чырвань і Бель — наш Беларускі Сьцяг залунаў над плошчай, якую маладыя змагары назвалі сьвятым імем Кастуся Каліноўскага. Магутнасьць пратэсту зьбянтэжыла падстаўных арганізатараў удзелу ў фальшывым галасаваньні. Мілінкевіч з Казуліным трошкі пакрасаваліся на ганку палацу прафсаюзаў, зноў дзяжурна заявілі, што "пойдуць да канца". А потым узялі і накіравалі тысячы людзей падалей ад плошчы Кастуся Каліноўскага, што насупраць палаца прамаскоўскага ўзурпатара. Яны павялі людзей прэч пад надуманым поклічам — "ускладаць кветкі на плошчы Перамогі". Гэта быў першы знак здрады падстаўных "лідэраў". Яны, што праўда, сказалі, каб людзі прыходзілі на тое ж месца заўтра (але, зразумела, не спадзяваліся, што прыйдзе шмат людзей).

Падстаўныя памыліліся. 20 сакавіка на плошчы Кастуся Каліноўскага сабраліся тысячы людзей, паўсюль луналі Бел-Чырвона-Белыя Сьцягі. Моладзь ставіла намёты, абвяшчаючы плошчу тэрыторыяй вольнай Беларусі. З чым жа прышлі да моладзі Казулін і Мілінкевіч? З заклікам сысьці з плошчы і разысьціся па хатах. Падстаўныя разгубіліся, бачачы мужных і рашучых юнакоў і дзяўчатаў, — гэта не ўваходзіла ў пляны падстаўных псэўдаапазыцыянэраў. Падзеі разьвіваліся насуперак іхнаму лубянскаму сцэнару. Моладзь абсьвістала іх. Кожны разумеў, што ані Мілінкевіч, ані Казулін ужо не кіруюць падзеямі. Гэта якраз яны павінны былі бегчы наўздагон і не спазьніцца за магутнай плыньню маладзёвага пратэсту. Увечар 20 сакавіка людзі старэйшага ўзросту, — удзельнікі змагарных падзеяў 1988-1991 гадоў, — аднадушна пагаджаліся, што атмасфэра на Плошчы была тая ж, што ў гады нашай барацьбы за незалежнасьць Беларусі супраць саўдэпіі: народнае адзінства, патрыятычныя песьні, дух волі, нацыянальная сымволіка.

Ужо на наступны дзень рэжым (ня здолеўшы выдаліць людзей з Плошчы) вырашыў узяць падзеі пад свой кантроль. Спэцслужбы пачалі засылаць на Плошчу цэлыя групы пьяных асобаў, на саму тэрыторыю лягеру ўлезьлі асобы з расейскімі трыкалёрамі, а таксама чорнымі ды блакітнымі шматамі, зьявілася шмат надпісаў на расейскай мове (мове акупантаў нашай краіны). Раз-пораз на кароткі час зьяўляліся на Плошчы Казулін і Мілінкевіч. Як толькі стала вядома пра зварот Зянона Пазьняка з заклікам ставараць Часовы Нацыянальны Урад (адкрыта на эміграцыі — у Варшаве, і дыскрэтна на Беларусі), агентура адразу паспрабавала перахапіць ініцыятыву і спляжыць гэтую ідэю. Казулін закрычаў з прыступак палацу прафсаюзаў: "Даёшь правітельство народного доверія!" Але даверу не было ўжо да самога Казуліна: моладзь адчула і ўбачыла прадажную сутнасьць гэтай падстаўной асобы.

Баючыся росту народных працэсаў, уначы 24 сакавіка рэжым правёў брутальную зачыстку на Плошчы. Былі паранены сотні патрыётаў. У мурах на Акрэсьціна не хапіла месца ў каморах для ўсіх арыштаваных. Сотні арыштаваных людзей служкі фашысцкага рэжыму павезьлі ў турму горада Жодзіна. Але замест страху рэпрэсіі выклікалі магутную хвалю пратэсту. На Дзень Волі 25 Сакавіка на Плошчу прышлі дзесяткі тысячаў людзей. Было цалкам магчыма аднавіць намётавы лягер і вярнуць народу плошчу Каліноўскага, а потым мабілізаваць народ ды зрынуць прамаскоўскі фашыстоўскі рэжым. Але падстаўныя таксама падрыхтаваліся да гэтага дня. З чым выйшлі Казулін і Мілінкевіч да моладзі? А выйшлі яны з адным лёзунгам: "Пойдземце з плошчы ў скверык Янкі Купалы!" Па камандзе сваіх лубянскіх гаспадароў гэтыя два "любітелі Россіі" дапамагалі рэжыму адвесьці людзей з Плошчы. Заклік Казуліна меў кароткачасовы эфэкт. Патрыёты здолелі спыніць людзей, якія павярнуліся плячыма да Плошчы і рушылі за Казуліным. Тады з тым жа здрадніцкім заклікам да людзей зьвярнуўся Мілінкевіч. Да яго яшчэ быў пэўны наіўны давер. Патрыётам ня ўдалася спыніць людзкую плынь, якая рушыла ўсьлед за правакатарам. Плошча засталася ў руках антынароднага фашыстоўскага рэжыму. Людзей завялі ў вузкую прастору сярод сумётаў і закратаваных штакетнікаў, запісныя псэўдаапазыцыянэры пачалі свае выступы. Калі спачатку над людзьмі луналі толькі нацыянальныя Бел-Чырвона-Белыя Сьцягі, то праз паўгадзіны прыбеглі нейкія маладзёны з пірацкімі чорнымі шматамі, а ў натоўпе нехта надзьмуваў і раздаваў блакітныя балёнікі. Многія казалі: "Што гэта за "шарыкі"? Мы ж не "галубыя". Калі патрыёты разгарнулі транспарант з лёзунгамі "Ніякіх саюзаў з імпэрскай Расеяй!", на іх накінуліся маладзёны з крыкамі: "Я — русскій, не ссорьте наші народы!" Стала зразумела, што падстаўныя разам з рэжымам інфільтравалі беларускую моладзь сваёй агентурай. То былі пераапранутыя курсанты вайсковых вучэльняў і стукачы з БРСМ. У выступах псэўдаапазыцыянэраў таксама не прагучала аніводнага слова пра расейскую агрэсію і пагрозу нашай незалежнай дзяржавы з боку расейскай імпэрыі. Толькі сп. Алесь Чахольскі (сакратар Управы Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне" і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ) ў сваім выступе казаў пра зьнішчэньне ўсяго беларускага расейскім імпэрыялізмам і ягонымі марыянэткамі, пра наша нацыянальнае змаганьне за Волю. Псэўдаапазыцыянэры спрабавалі адключыць яму мікрафон, арганізаваныя групкі крычалі: "Мы любім Россію!"

На вачах тысячаў разгубленых беларусаў рэжым разам з Мілінкевічам, Казуліным і былым фронтаўцам В. Вячоркам (які вёў мітынг) разыгрываў трагікамічны спэктакль. Падстаўным псэўдаапазыцыянэрам дазвалялася папратэставаць супраць Лукашэнкі, але ні ў якім разе не чапляць Расею і ейны антыбеларускі імпэрыялізм. Трэба было выпусьціць пару і пагасіць народны рух. Аднак купак правакатараў і любові да расеі аказалася мала. Каб зьвесьці людзей з цэнтру горада, Казулін заклікаў ісьці на Акрэсьціна. І адбылося нешта вельмі дзіўнае — за правакатарам, які ўжо згубіў давер людзей, усё ж пайшлі сотні беларусаў (!!!). Непадалёк ад тэатру музкамэдыі іх сустрэлі шыхты "верных псоў" фашыстоўскага рэжыму і наладзілі крывавую расправу. Казулін (як заўсёды) не пацярпеў. Цяпер зь яго — "вязьня рэжыму" і папа гапона — псэўдаапазыцыянэры будуць ляпіць "пакутніка" і "лідэра народу". Мілінкевіч адразу адхрысьціўся ад свайго партнёра, заявіўшы, што "гэта была выгадная для рэжыму правакацыя". Дык што ж ты маўчаў, Мілінкевіч, калі Казулін стаяў побач з табой на трыбуне і заклікаў людзей ісьці на Акрэсьціна? Чаму ты не спыніў людзей, якія ішлі за Казуліным пад безсэнсоўны крывавы ўдар? А таму, што і адзін і другі — халуі імпэрскай Масквы. І адзін і другі дзейнічаюць на грошы Масквы, прызнаюцца прынародна ў любові да Расеі і кажуць рэгулярна, што арганізуюць інтэграцыю з Расеяй "лепш за Лукашэнку".

Дарагія беларусы, не дазволім жа "любітелям россіі", усім гэтым падстаўным казуліным і мілінкевічам, вячоркам і лебедько адурачыць нас і завесьці ў тупік. Рэжым шклоўскага вар'ята вісіць на валаску. Цывілізаваны сьвет абвясьціў менскі рэжым незаконным і антынародным. Расея ўжо ня здолее выратаваць гнілую шклоўскую канструкцыю. Але трэба не дапусьціць, каб месца дыктатара занялі здраднікі і правакатары, якія дзейнічаюць у інтарэсах агрэсіўнай імпэрскай Масквы.

Янка Базыль, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ