НЯ МОЖНА ДАВЯРАЦЬ ПАДВОЙНЫМ І ПАДСТАЎНЫМ

Увечары 27 сакавіка міжнародны тэлеканал "Эўраньюс" штопаўгадзіны перадаваў кароткае інтэрвію з А. Мілінкевічам. "Адзіны дэмакрат" заявіў на расейскай мове: "Мы пробили в этой стене отверстия, сделали трещины. Но нас было слішком мало. Теперь мы отходим и прекращаем штурм крепости, мы берём её в осаду...".

Вядома, якія "отверстія" рабіў Мілінкевіч з сваёй камандай на працягу драматычных падзеяў 19-25 сакавіка. Ён заклікаў беларускую моладзь "разойтісь по домам". Мілінкевіч прыкладаў усе намаганьні, каб народныя пратэсты былі як мага хутчэй скончаныя, і пра іх усе як мага хутчэй забыліся. Калі патрыёты абсьвіствалі яго, "адзіны" ужыў іншую тактыку. Увечары 19 сакавіка ён зьвёў тысячы патрыётаў з цэнтру Менску (з Кастрычніцкай плошчы) у бок, падалей ад палаца дыктатара — павёў людзей "ускладаць кветкі" на плошчы Перамогі. Той жа самы манэўр ён паўтарыў 25 сакавіка. Ён заклікаў людзей, якія ўжо былі блізкія да тактычнай перамогі (вяртаньня народу "Кастрычніцкай плошчы" — Плошчы Кастуся Каліноўскага), пакінуць адваяваную ў рэжыму пазыцыю і адступіць, адкаціцца ў сквер Купалы, дзе запісныя псэўдаапазыцыянэры пачалі забаўляць людзей сваімі прамовамі. У выніку быў страчаны рэдкі шанец зноў паставіць намёты на Плошчы Кастуся Каліноўскага і працягнуць пэрманэнтную акцыю пратэсту.

Аднак імітатары на гэтым не спыніліся. Яшчэ адзін падстаўны — Казулін павёў сотні людзей на Акрэсьціна — пад дубіны спэцназу. Мілінкевіч змаўчаў, не спыніў людзей. А калі адбылася трагедыя, ён тут жа адразу асудзіў Казуліна. На наступны дзень, атрымаўшы "параду" (з Масквы), ён зноў пачаў называць Казуліна сваім калегам і замітусіўся.

А праз два дні — 27 сакавіка — Мілінкевіч ужо заяўляе міжнародным тэлеканалам, што "мы отходім..." Лубянскія паліттэзнолягі ўпэўненыя, што ім удалося падавіць рэвалюцыйны ўздым беларускага народу, што вулкан народнага гневу патух. Цяпер падстаўны Мілінкевіч будзе зноў езьдзіць па брусэлях і бэрлінах ды распавядаць, як "протестуюшчіх было мало і мы отложілі всё лет на пять".

Пара ўжо зразумець — Мілінкевіч не прадстаўляе народную беларускую рэвалюцыю. Ён езьдзіў ня толькі па Эўразьвязу, але і да сваіх сапраўдных гаспадароў у Маскву, дзе атрымліваў парады адначасна на інспірацыю і на тармажэньне, (а потым і на выгасаньне) нашай рэвалюцыі. Але рэвалюцыя ўжо не пагасьне.

Падстаўны Мілінкевіч, так сама як і Казулін ня ёсьць сапраўдныя беларускія змагары. Яны фальшывыя, зробленыя не ў Беларусі. Неабходна адкрыта казаць пра гэта.

Янка Базыль, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ