СЯРГЕЙ ПАПКОЎ МЯРКУЕ САБРАЦЬ НЕКАЛЬКІ ТЫСЯЧАЎ БЮЛЕТЭНЯЎ “НАРОДНАГА ГАЛАСАВАНЬНЯ”

Канчатковыя вынікі кампаніі "народнага галасаваньня" яшчэ не падведзены — паведаміў "Свабодзе" адзін зь лідэраў КХП БНФ Сяргей Папкоў. Збор бюлетэняў працягваецца. Арганізатары кампаніі плянуюць падвесьці вынікі кампаніі да канца красавіка.

Сяргей Папкоў мяркуе, што "народнае галасаваньне" было б вельмі эфэктыўным мэтадам, калі б было масавым і праводзілася б усімі разам. Паміж іншага, па адной з акруг у Менску ўдалося паказаць недакладнасьць лічбаў, пададзеных афіцыйнай падліковай камісіяй. У справаздачы гэтай камісіі колькасьць зьніклых бюлетэняў аказалася значна меншай за колькасьць тых, якія вынесьлі з участку ўдзельнікі "народнага галасаваньня".

Са словаў Сяргея Папкова, супраць некалькіх удзельнікаў "народнага галасаваньня" былі ўжыты ціск і грубая сіла. Прыкладам, у Горках і Дзяржынску. У Менску актывіст КХП БНФ Уладзімер Юхо, які спрабаваў забраць бюлетэнь, быў нават арыштаваны на пяць сутак, але фармальна яго пакаралі, нібыта, за брыдкаслоўе на выбарчым участку.

Арганізацыю "Незалежная грамадзкая камісія выбарцаў", празь якую меркавалася падлічыць вынікі "народнага галасаваньня", беларускія ўлады не зарэгістравалі.

Паводле Радыё "Свабода"