“КРІЧАЛ “ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!”

5 красавіка 2006 г. Польская газэта "Rzeczpospolita" паведамляе, што выйшаў на волю з лукашэнкаўскай турмы польскі грамадзянін Пётр Дудановіч, студэнт беларусістыкі Варшаўскага Унівэрсітэту. Дудановіча арыштавала паліцэйшчына рэжыму каля пляцу Кастуся Каліноўскага ў цэнтры Менску, дзе змагарная моладзь узьняла Бел-Чырвона-Белы Сьцяг Волі. Судзілішча рэжыму прысудзіла яго да арышту на 15 сутак. Сярод абвінавачваньняў было тыповае: "крічал "Жыве Беларусь!".

Наш камэнтар: Кожны беларус, а таксама грамадзянін любой іншай краіны, які вырашыў прысьвяціць сваё жыцьцё беларусістыцы, беларускай культуры і мове, павінен ведаць наступнае: ён аўтаматычна становіцца ворагам для антыбеларускага рэжыму, які пакуль пануе на нашай зямлі. Рэжым, які саджае за краты людзей, што ўслаўляюць нашу Айчыну поклічам "Жыве Беларусь!", ёсьць уладай акупацыйнай хунты, якая служыць інтарэсам імпэрскай Масквы. Але ўжо трасецца-трымціць акупанцкая кодла. На пляцы Кастуся Каліноўскага побач з беларусамі стаялі салідарныя чэхі, нарвэжцы, швэды, палякі. А вось учора БТ паказала прарэжымную "дэманстрацыю" маладых стукачыкаў з БРСМ, якія ўсталі пад сьцягамі БССР і расейскімі плякатамі перад амбасадай Польшчы ў Менску. Адзін зь іх (тыповая камсамольская фізіяномія — архетып не мяняецца з пакаленьня ў пакаленьне!) вельмі выразна сфармуляваў сэнс іхнай акцыі ў тэлекамэру: "Мы здесь демонстрируем. Мы за независимость Белоруссии от Европы!" Аднак, будучыня належыць маладым патрыётам, якія змагаюцца за вяртаньне Беларусі ў сямью цывілізаваных эўрапейскіх народаў. Беларуская моладзь ня хоча больш жыць у змрочнай яме расейскай імпэрыі.

Юрка Марозаў, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ