НАМЕСЬНІК СТАРШЫНІ КХП БНФ ЮРЫ БЕЛЕНЬКІ АСУДЖАНЫ НА 15 СУТАК

Юры Беленькага суд прызнаў вінаватым у арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу 7 красавіка на Кастрычніцкай плошчы. За ўдзел у гэтым мітынгу пратэсту супроць інагурацыі Аляксандра Лукашэнкі пакараныя таксама яшчэ 4 яго ўдзельнікі.

Сёньня, 10 красавіка ў Цэнтральным судзе Менску былі асуджаныя ўдзельнікі мітынгу пратэсту супроць інагурацыі Аляксандра Лукашэнкі. Усе пяцёра пакараныя арыштам — ад 15 да 10 сутак. Максымальны тэрмін адміністрацыйнага арышту атрымаў у тым ліку і намесьнік старшыні КХП БНФ, былы дэпутат Вярхоўнага Савета Юры Беленькі.

Нагадаю, мітынг 7 красавіка праходзіў на Кастрычніцкай плошчы. Паводле розных ацэнак, ён сабраў ад 50 да 200 чалавек. Людзі трымалі лёзунгі "За новыя выбары", "Фальсыфікатар — не прэзыдэнт", "За вольную Беларусь" і "Не — фашызму!".

Студэнт Уладзімер Богач у судзе не адмаўляў, што прыйшоў на плошчу, каб выказаць пратэст супроць трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну Аляксандра Лукашэнкі. Юнака пакаралі 10 суткамі арышту. Уладзімер Мікалаеў таксама пацьвердзіў, што сьвядома далучыўся да мітынгоўцаў і трымаў у рукох бел-чырвона-белы сьцяг. Студэнта пакаралі 15 суткамі арышту.

Удзельнікаў мітынгу амапаўцы затрымлівалі ў розных месцах — адных ля цырку, іншых побач зь Нямігай. Намесьніка старшыні партыі КХП БНФ Юры Беленькага схапілі ў пад'езьдзе дому ля плошчы Перамогі. Былога дэпутата абвінавацілі ў арганізацыі мітынгу. У судзе палітык гэта аспрэчваў, але не адмаўляў, што падчас мітынгу выказваў журналістам і людзям сваё стаўленьне да мінулых выбараў.

Беленькі: "Сытуацыя такая, што я мусіў даць палітычную ацэнку. І я не хаваю, што сказаў наступнае. Што выбары фальсыфікаваныя, Лукашэнка ня ёсьць абраны народам прэзыдэнт, і таму заўтрашняе мерапрыемства ня ёсьць інагурацыя, а псэўдаінаўгурацыя. Мой удзел як палітыка ў адпаведнасьці з законам аб палітычных партыях ёсьць назіраньне за палітычнымі працэсамі і ацэнка палітычных працэсаў. Я сваю функцыю выканаў — выказаў свае адносіны".

Пастанову аб арышце палітыка прыняў судзьдзя Аляксей Бычко. Ён таксама асудзіў на 10 сутак актывіста КХП БНФ Эдуарда Бокага і на 15 сутак — Ільлю Шыманскага.

Супроць Юры Беленькага ды іншых мітынгоўцаў сьведчылі амапаўцы Сяргей Герман, Ігар Зінкевіч, Зьміцер Субач, Максім Казакоў.

Паводле Радыё "Свабода"