РЭПРЭСІІ Ў МЕНСКУ

10 красавіка ў Менску адбылося парадыйнае судзілішча дыктатуры. У судзе Цэнтральнага раёну сталіцы з раніцы сабралася вялікая грамада, пераважна моладзь. Людзі прышлі, каб падтрымаць мужных патрыётаў, арыштаваных рэжымам яшчэ 7 красавіка падчас акцыі пратэсту на плошчы Кастуся Каліноўскага. Людзі пратэставалі тады супраць фашызму, сфальшаваных выбараў і фальшывай, незаконнай "інаўгурацыі" узурпатара прэзыдэнцкай улады ў Беларусі. Было арыштавана пяцёра патрыётаў.

У якасьці сьведкаў выступалі службовыя асобы рэжыму зь міліцыі і ОМОНа. "Сьведкі" Сяргей Герман, Ігар Сінкевіч, Зьміцер Субач і Максім Казакоў прадэманстравалі нізкі інтэлектуальны ўзровень, блыталіся ў сваіх хлусьлівых паказаньнях. Ізноў, як на ўсіх папярэдніх палітычных працэсах, адкрыліся сфальшаваныя пратаколы, складзеныя міліцыяй. Суддзя Аляксей Бычко актыўна дапамагаў ілжэсьведкам сфармуляваць абвінавачваньні супраць патрыётаў. У выніку па абвінавачваньні ў "арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу" былі вынесеныя незаконныя прысуды: Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў на Беларусі старшыні Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне" і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ, — адміністрацыйны арышт на 15 сутак; сябра Фронту і Партыі Эдуард Бокій — на 10 сутак; маладыя патрыёты Уладзімер Богач — на 10 сутак, Уладзімер Мікалаеў і Ільля Шыманскі — на 15 сутак. Грамада адказала на вынясеньне прысудаў магутным поклічам "Жыве Беларусь!" і "Ганьба!".

Інфармацыйная камісія КХП-БНФ