БЕЛАРУСАЎ ШТУРХАЮЦЬ У АЗІЮ

12 красавіка 2006 г. Летувіская газэта "Lietuvos Rytas" паведамляе пра афіцыйную заяву міністэрства замежных справаў РБ. Заяўнікі заявілі сусьветнаму грамадзтву, што "Эўразьвяз і ЗША ня могуць зьмяніць выбар беларускага народу. Бальшыня беларускага грамадзтва абрала прэзыдэнтам А. Лукашэнку". Міжнародныя санкцыі супраць рэжыму РБ названы ў міністэрскай заяве "непэрспэктыўным крокам".

Наш камэнтар: Вядома, што згаданае міністэрства шклоўскага рэжыму, усе гэтыя хвастовы, латушкі і інш. не прадстаўляюць нацыянальныя і дзяржаўныя інтарэсы беларускага народу. Яны служаць чужой краіне, зьяўляюцца правінцыйнымі чыноўнікамі ад Смаленскай плошчы ў Маскве. І робяць адпаведныя заявы, прадыктаваныя ім маскоўскім начальствам. Пасьля сфальшаваных выбараў Эўразьвяз забараніў тром дзесяткам прадстаўнікоў рэжыму зьяўляцца на ягонай тэрыторыі. Пакараньне, трэба прызнаць, ня самае страшнае для гэтай публікі, якая ніколі не імкнулася да наведваньня эўрапейскіх музэяў і культурных цэнтраў. Раней, праўда, шклоўцы маглі аформіць сабе камандыроўку тэрмінам на месяц з фармулёўкай "с целью освоенія опыта рыболовных хозяйств Канарскіх островов" і пагуляць на прэстыжовым пляжы за народныя грошы. Цяпер яны будуць афармляць тое ж самае перад паездкамі ў Турцыю і Кітай.

Трывожыць іншае. Неяк без папярэджаньняў і заяваў Эўразьвяз зачыніў свае межы для простых грамадзянаў Беларусі. Вернікі сабраліся ў пілігрымку ад касьцёла па Італіі, маладая сямья вырашыла адпачыць у Гішпаніі, студэнты архітэктурнага факультэту зьбіраюцца праехаць па гістарычных мясьцінах Грэцыі. А ў турагенцыях ім адказваюць, што эўравізу можна атрымаць толькі пасьля таго, як прадставіш дакумант аб заробку ў 400 эўра ў месяц (хто ў нас мае такія афіцыйныя заробкі?). Без дыскусіяў і гучных заяваў Брусэль (за якім бачны цень Бэрліна) паставіў заслон для сумленных, працавітых, культурных людзей Беларусі. З якой мэтай? Мы здагадваемся, што Захад далікатна намякае нашаму народу — месца беларусаў у Расеі, пампаваць для заходнікаў газ-нафту і ня рыпацца. У выніку на Захад могуць выехаць альбо агентура гэбэ (якая наштампуе любых паперак), альбо жулікі і мафіёзы. Па-за рэдкім выключэньнем вырвецца ў Эўропу рэдкі беларус, які зарабляе такія сумы афіцыйна. Зьняважлівая і звыродлівая палітыка брусэльскіх бонзаў. Пры тым, што кожны дзень і кожную ноч у краіны Эўразьвязу прызямляюцца і прывадняюцца тысячы і тысячы прайдзісьветаў з Афрыкі і Азіі. Вось, дзе трэба было б наладзіць кантроль. Але сілай абставінаў беларускі народ становіцца закладнікам разам з дзеячамі шклоўскай хунты. Беларускія людзі павінны зразумець: такое несправядлівае становішча будзе існаваць да тае пары, пакуль у Беларусі камандуюць праз падстаўных маскоўскія імпэрыялісты. Калі наша краіна вернецца на шлях нармальнага нацыянальнага і дзяржаўнага існаваньня, калі народ вызваліцца ад маскоўскай акупацыі, то і на Захадзе ніхто не пасьмее зачыняць дзьверы ў нас перад носам.

Юрка Марозаў, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ