АГРЭСІЯ. ГОЛАСАМ ДЗЯРЖАЎНАГА КЛОЎНА РАСЕЯ ПАГРАЖАЕ БЕЛАРУСІ

Жырыноўскі заявіў, што Беларусь павінна стаць Менскай фэдэральнай акругай Расеі.

"Беларусь павінна стаць восьмай фэдэральнай акругай Расеі, назавем яе Менскай," — пра гэта 11 красавіка паведаміў журналістам віцэ-сьпікер Дзярждумы Расеі, старшыня ЛДПР Уладзімер Жырыноўскі. Паводле яго, беларуская тэма абмяркоўвалася на мінулым тыдні на сустрэчы прэзыдэнта Расеі з лідэрамі думскіх фракцыяў. Жырыноўскі выказаўся за ўваходжаньне Беларусі ў склад Расейскай Фэдэрацыі, "мы супраць канстытуцыйнага акту, выбараў у парлямэнт саюзнай дзяржавы, гэта марнаваньне грошай" — заявіў віцэ-сьпікер Думы.

Паводле Жырыноўскага, паўнамоцным прадстаўніком прэзыдэнта Расеі ў Менскай фэдэральнай акрузе хай будзе беларус, а не расеец. Падобным жа чынам паводле Жырыноўскага можа быць вырашаная і ўкраінская праблема. Старшыня ЛДПР мяркуе, што "калі ў Януковіча атрымаецца правесьці фэдэратыўную рэформу, адбудзецца распад Украіны і ўваходжаньне яе паўдзённых і ўсходніх рэгіёнаў у Расейскую Фэдэрацыю". Жырыноўскі чакае, што тады ў Расеі зьявяцца Адэская, Харкаўская, Днепрапятроўская і Луганская акругі.

Паводле Радыё "Свабода"