РАСЕЙЦАМ ХОЧАЦЦА ВАЙНЫ

13 красавіка 2006 г. Чэшская газэта "Lidove Noviny" піша пра публікацыю ў Польшчы некалі сакрэтных дакумантаў Варшаўскай дамовы. У дакумантах раскрываецца плян ваеннай агрэсіі падсавецкага хаўрусу супраць Заходняй Эўропы. Плян распрацоўваўся яшчэ ў 1960-я гады, але ягоную апошнюю рэдакцыю падпісаў быў польскі камуністычны лідэр Герэк у 1976 г. Паводле пляну да 500 тысячаў польскага войска меліся ўдарыць па паўночнай Нямеччыне, заняць Данію, Бэльгію і выйсьці на французкую мяжу. Масква меркавала, што палякі будуць мець да 40% стратаў. Чэхаславацкае хаўруснае войска павінна было акупаваць Баварыю і яе сталіцу Мюнхен.

Наш камэнтар: Вось такі "Міру мір" рыхтавала саўдэпія народам Эўропы. Вядома, што гэта быў ня першы плян агрэсіі супраць Захаду. Першы пасьля сусьветнай вайны плян быў распрацаваны маскоўскім генштабам яшчэ ў 1945 г. Жукаў павінен быў "вызваліць" ад капіталістаў усю Эўропу да самага Ля Маншу. Але сталінскія сокалы вымушаны былі адмовіцца ад чарговай вайны. Надта радаснай і братэрскай была сустрэча на Эльбе чырвонаармейцаў з амэрыканцамі і англічанамі пасьля сумеснага разгрому фашызму. Надта стаміліся народы ад забойстваў і вайны. І самае галоўнае, жаўнерскія масы, якія перамаглі лютага ворага, не надаваліся ўжо на ролю паслухмянага гарматнага мяса. Людзі хацелі міру, імкнуліся хутчэй вярнуцца дадому, спадзяваліся, што жыцьцё зьменіцца, што ў мінулае адыдуць бальшавіцкія жахі. На працягу шэрагу гадоў крамлёўская банда вымушана была душыць гэтыя настроі ў грамадзтве, каб ізноў ўзяць пад татальны кантроль мільёны пераможцаў.

Сталін заплянаваў новую вайну ў Эўропе на пачатку 1950-х гг. і пачаў дзяліцца сваімі плянамі з палітбюро. Таварышы напалохаліся самы і пасьпяшаліся адправіць крамлёўскага фюрэра на той сьвет у 1953 г. Але распрацоўку плянаў не пакінулі. Зразумела, што камуністычная арда ніколі не перамагла б краіны НАТО. Але бяды нарабіла б вялікай. Цяпер цікава пачытаць палякам пра 40% стратаў іхнага войска пад камандай Масквы. Гэта — 200 тысячаў забітых і скалечаных маладых палякаў ("незначітельные потері", паводле геніяльнай маскоўскай канцэпцыі). Можна парадвацца, што канцэпцыя так і не была рэалізавана ворагамі чалавецтва. Палякі могуць уздыхнуць з палёгкай — яны цяпер у НАТО і не падпарадкоўваюцца Маскве. А як быць беларусам? Антынародны рэжым зрабіў нас усіх калектыўным закладнікам імпэрыялістычнай палітыкі Расеі — сапраўднага гаспадара шклоўскіх марыянэтак. Паводле абнародаваных "договоров о коллектівной безопасності в СНГ" і патаемных злачынных пагадненьняў з Крамлём, нашымі узброенымі сіламі напоўніцу распараджаецца суседняя імпэрыя. Таленавітыя беларускія афіцэры-патрыёты або ўжо выкінутыя з арміі, або застаюцца на дзесятых ролях. Бяздарныя і чужыя расейскія генэралы апанавалі ключавыя пазыцыі ў беларускім войску. Масква выкарыстоўвае нашу тэрыторыю і аэрадромы для сваёй стратэгічнай авіяцыі і ракетных комплексаў. Войскі супрацьпаветранай абароны Беларусі ўжо афіцыйна падпарадкоўваюцца непасрэдна Маскве. Міністар абароны РБ Мальцаў ужо даўно фіктыўная фігура. Нават БТ паказвае, як на паседжаньнях у Маскве ён сядзіць перад маскоўскім міністрам Івановым побач з расейскімі генэраламі ціхі і паслухмяны, як школьнік перад кляснай дамай. Наша армія, наша краіна — толькі рэсурс для расейскіх імпэрыялістаў у іхнай стратэгіі супрацьстаяньня Захаду. Уся прапаганда РБ накіравана на ўбіваньне ў галовы беларускага насельніцтва гэтых чалавеканенавісьніцкіх маскоўскіх стратэгіяў. Усё больш людзей на Беларусі разумеюць гібельнасьць гэтага рабскага хаўрусу з шалёнай расейскай імпэрыяй. Увесь наш гістарычны досьвед пацьвярджае небясьпеку ваенных хаўрусаў і падпарадкаваньня Маскве. Гэта асэнсавала, хутчэй сэрцам адчула наша моладзь. Яна ўзьняла ў цэнтры нашай сталіцы сьвяты Бел-Чырвона-Белы Сьцяг, пад якім нашы продкі баранілі Бацькаўшчыну ад расейскай агрэсіі, і назвала цэнтральную плошчу пад Сьцягам імем Кастуся Каліноўскага — вялікага змагара супраць расейскай акупацыі. Асэнсаваць і адчуць гэта павінен цяпер увесь наш народ.

Юрка Марозаў, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ