РАСЕЯ: ШТОДЗЁННЫ ФАШЫЗМ

13 красавіка расейскія фашысты гуляліся ў сталінградзкую бітву. Яны выйшлі з горада Волжскі Валгаградзкай вобласьці і напалі на цыганскі табар, што мірна існаваў непадалёк. Фашысты білі людзей мэталічнымі прутамі. Дваіх чалавек забілі, двое цяжка параненых (пажылая жанчына і 14-гадовае дзяўчо) дастаўленыя ў шпіталь. СМІ не паведамляюць, колькі людзей пацярпела ад нападу. Няўжо нехта з беларусаў хоча, каб гэтае зьвяр'ё прышло да нас і пачало гаспадарыць у нашай краіне?

***

14 красавіка ў Маскве “баролась” з сваім фашызмам аматарская кампанія пад манумэнтальнай назвай “Обшчественная палата прі презіденте Путіне” (генэралы, эстрадныя сьпявачкі, акцёры і прафэсура). На працягу дня яны актыўна і красамоўна агалялі язвы свайго грамадзтва. У некалькіх словах можна падсумаваць іхную рыторыку наступным чынам: “у ксенафобіі вінаватыя некампэтэнтнасьць міліцыі, беднасьць насельніцтва, якое помсьціць за гэта чужакам, а таксама брак этычнага кодэксу і міжэтнічнага дыялёгу”. Ну што ж, пэўная лёгіка ў гэтым тэарэтызаваньні ёсьць. Няма толькі галоўнага. Ніхто анісловам не згадаў пра рэліктавую маскоўскую імпэрыю, пра шавінізм, русіфікацыю і іншыя “прелесті” каляніяльнай дзейнасьці на тэрыторыі акупаваных народаў, пра вайну на Каўказе і палітычную агрэсію супраць Беларусі. І гэта ў каторы ўжо раз. У каторы раз усё атрымалася паводле знаёмай клясыкі — Салтыкова-Шчадрына, Гогаля ды Някрасава з Фетам: “Город Глупов” альбо “умом Россию не понять...”

У гэты час у паўночнай сталіцы — Пецярбурзе — расейскія фашысты адсалютавалі маскоўскаму сходу чарговым подзьвігам: зьверскім зьбіцьцём аўганскага студэнта.

Юрка Марозаў, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ