АЛЯКСЕЙ КАРПЮК

У 1969 годзе канцылярыя ЦК КПСС атрымала сакрэтны ліст, у якім паведамлялася: “Комитет государственной безопасности Белоруссии располагает данными о политически нездоровых настроениях писателей Карпюка и Быкова... Карпюк нелегально распространяет среди знакомых различные антисоветские пасквили... Отрицательно воздействует на молодежь... С санкции ЦК компартии республики готовятся мероприятия, направенные на предотвращение возможных враждебных акций названных лиц...” Пад лістом стаяў подпіс старшыні КДБ СССР Юрыя Андропава.

У дачыненьні да Аляксея Карпюка плянаваныя гэбістамі захады хутка выявіліся ў допытах, ператрусах, выключэньні з партыі. Яго, былога камандзіра партызанскага аддзелу імя Каліноўскага, кавалера савецкіх і польскіх баявых узнагародаў, на падставе сфабрыкаваных чэкістамі Фаміным і Клімовічам дакумэнтаў абвінавацілі ў калябарацыянізьме. Два гады Карпюк ня мог уладкавацца на працу.

Пазьней яго адновяць у партыі, але на самым пачатку 1990-х ён сам выйдзе зь яе. Праўда, пры гэтым партбілет пакіне сабе, напісаўшы ў заяве, што робіць гэта “на памяць пра летуценьні маладосьці”. Але летуценьнікам — і змагаром за свае ідэалы — ён будзе заставацца праз усё жыцьцё: і ў творчасьці, і на пасадзе сакратара Гарадзенскага аддзяленьня Саюзу пісьменьнікаў, і ў нязьменна вострых і дасьціпных прамовах на літарацкіх зьездах і пленумах.

Я пазнаёміўся зь ім якраз пасьля аднаго з такіх выступаў, у якім Аляксей Нічыпаравіч, абрынуўшыся на ўсеўладнасьць савецкае намэнклятуры, распавёў, як сын прэзыдэнта Эгіпту Насэра заваліў уступныя экзамэны ва ўнівэрсытэт. Распавёў, каб рытарычна запытацца ў залі: “Ці магчыма такое ў нас нават на ўзроўні дзяцей сакратара райкаму?”

Пры канцы 80-х ён уступіць у БНФ, заявіць пра сябе як пра таленавітага публіцыста, неартадаксальна трактуючы падзеі верасьня 1939 году і калектывізацыі.

Аднойчы на гарадзенскай вуліцы, ідучы амаль подбегам, каб не адстаць ад ягонай заўсёды шпаркай хады, я сказаў спадару Аляксею, што ці не найлепшым творам пра Заходнюю Беларусь лічу ягоны раман “Вершалінскі рай”. Інтэрвію Зянона Пазьняка, дзе той назаве Карпюкову Дануту з аднайменнай аповесьці (якая, дарэчы, перавыдавалася восем разоў) самым дарагім для яго жаночым вобразам у сусьветнай літаратуры, Аляксей Нічыпаравіч прачытаць ужо не пасьпее.

У Горадні дагэтуль няма вуліцы імя Карпюка, як і вуліцы імя ягонага сябра і аднадумца Васіля Быкава.

(Менск 14.4.1920, в. Страшава, Беласточчына — 14.7.1992, Горадня)

Уладзімер Арлоў