БАЯЦЦА ГІСТОРЫІ

“Самы дэмакратычны” расейскі тэлеканал НТВ паслаў свайго чалавека ў Дублін на сьвяткаваньне 90-годдзя нацыянальнага паўстаньня супраць ангельскай акупацыі ў 1916 г. Мы маглі яшчэ раз пераканацца, што рэжысура мерапрыемстваў адпавядала традыцыі эўрапейскай культуры. Па ўсёй Ірляндыі адбываліся ўрачыстыя багаслужбы і маніфэстацыі. У сталіцы народ вітаў шыхты ірляндскага войска, бранетэхніку і вайсковую авіяцыю, што праляцела ў небе над сталіцай. Ірляндцы ўскладалі кветкі і вянкі на месцах баёў, на магілы герояў і да помнікаў партызанам. Гэта была карціна нацыянальнага адзінства і сумеснай гістарычнай Памяці. Роўна ў той момант, калі ў 1916 г. пачалося Вялікоднае паўстаньне, уся краіна застыла ў хвіліне Маўчаньня. Прычым, арганізатары патлумачылі, што яны заклікалі памянуць усіх ахвяраў той вайны, уключна з загінуўшымі брытанскімі жаўнерамі. На мерапрыемствах прысутнічаў амбасадар і іншыя прадстаўнікі Вялікай Брытаніі. Усе паводзілі сабе годна і адпаведна. Усе, акрамя тэлегрупы НТВ.

Разарваныя кадры тэлехронікі не маглі даць нармальнага ўражаньня ад мерапрыемстваў. Але больш за ўсё зьдзівіў закадравы камэнтар маскоўскіх “дэмакратаў”. Зьняважлівы тон, тэкст перасыпаны словамі “бунт”, “бунтовшчікі” — і ўсё гэта пра сьветлы і велічны подзьвіг народа. Чаму так важна было для пасланцоў з Масквы стварыць менавіта такое ўражаньне ў расейскіх тэлегледачоў ад мерапрыемстваў, прысьвечаных далёкай падзеі, у якой ніякім чынам не пацярпелі расейцы і інтарэсы Крамля? Відаць, лубянскія ілжэ-дзімітры пачуваюцца на троне і ў крамлёўскіх палатах настолькі няёмка і трывожна, што баяцца любога намёку на антыімпэрыялістычную барацьбу. А што як раптам, паглядзеўшы рэпартаж з Дубліна, татары ў Казані або якуты ў Якуцку захопяць мясцовы галоўпаштамт ды абвесьцяць сваё “гэть москалів!”? Сапраўды, немагчыма без іроніі камэнтаваць гэтую маскоўскую тэлебоязь. Але на самай справе мы даўно ўжо заўважылі, што з умацаваньнем імпэрскага гэбізму крамлёўскі эстэблішмэнт заняўся публічнай фальсіфікацыяй уласна расейскай гісторыі. Міколка Раманаў (Крывавы) цяпер для іх сьвяты. Летась зусім незаўважаным прайшоў у Расеі 100-гадовы юбілей пачатку Першай антыімпэрскай рэвалюцыі 1905 году. Баялася пуцінская адміністрацыя ўспомніць, як народ займаў цэлыя гарады, забіваў генэралаў і міністраў, стукачоў і гарадавых, як валіў двугаловых арлоў і праклінаў самадзяржаўе. Як “сьвяты” Раманаў і ягоная сямейка арганізоўвалі масавыя забойствы, артылерыйскія абстрэлы рабочых кварталаў і вёсак, судзілішчы, катаргу, катаваньні і пакараньні сьмерцю. Баяліся пуцінцы ўспомніць усё гэта, бо самы начапілі сабе на лоб самадзяржаўнага арла і ўчапіліся за царскую Расею як за апошнюю саломінку, ратуючы сваю крывавую імпэрыю. Глядзець на ўсё гэта брыдка.

Янка Базыль, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ