СПУСКАЮЦЬ ДУХ

18 красавіка 2006 г. Бэльгійская газэта “De Standaard” паведамляе, што ў апошнюю нядзелю каля сотні беларускіх маладзёнаў пратэставалі перад будынкам амбасады Расеі ў Менску супраць падтрымкі Расеяй нелігітымнага прэзыдэнта А. Лукашэнкі, які сфальшаваў апошнія выбары. На здымку бачна, як маладыя стаяць моўчкі і трымаюць у руках запаленыя сьвечкі і зьнічкі.

Наш камэнтар: Цікава, а як даведаліся бэльгійскія журналісты (і аўтары такога ж паведамленьня ў шэрагу іншых СМІ ўсяго сьвету) пра тое, супраць каго і пра што пратэставалі маладзёны? Пытаньне рытарычнае, таму што так ім паведамілі па сучасных сродках інфармацыі менскія “калегі” (Хартыя ды іншыя запісныя “палітінфарматары”). Без іхнага паслужлівага камэнтара ніхто ў нас і ніхто за мяжой не зразумеў бы, што адбывалася перад амбасадай РФ. Запалілі сьвечкі, пастаялі, памаўчалі і праз паўгадзіны разышліся. Такі “пэрформэнс” ужо некалькі разоў наладжваўся некім на плошчы Кастуся Каліноўскага і на набярэжнай Нямігі. Але давайце задумаемся. Звычайна са сьвечкамі людзі хрысьціянскага веравызнаньня стаяць (і моляцца) за душы памерлых. Калі ж дэманстрацыя прысьвечана пратэсту супраць умяшальніцтва Расеі ў нашы беларускія справы, то аб гэтым удзельнікаў (і ўвесь сьвет) інфармуе прынамсьці хоць бы адзін плякат з ясна сфармуляваным лёзунгам-тэкстам. Калі выступ прысьвечаны абароне Айчыны, то дэманстранты сьмела ўздымаюць нацыянальны беларускі Бел-Чырвона-Белы Сьцяг (хаця б адзін). Калі душа пратэстуе, то вусны не маўчаць, а ўсе разам сьпяваюць “Магутны Божа”. Мы не тэарэтызуем — гэта пацьвярджае практыка рэвалюцыйнай барацьбы нашага і ўсіх астатніх народаў. Інакш проста ня можа быць. Пратэст ня можа быць нямым, маўклівым, а сьвечка павінна быць да месца (у храме, на магілах пакутнікаў у Курапатах, на крывавых палях Случчыны, дзе паляглі беларускія паўстанцы).

19-25 сакавіка сёлета на плошчы Кастуся Каліноўскага, там жа 7 красавіка, а потым на судзілішчах рэжыму і пад мурамі Акрэсьціна і Жодзіна беларускія патрыёты не маўчалі, апусьціўшы галовы. Маўчыць, апусьціўшы голаў, той, хто адчаяўся і ня бачыць выйсьця і пэрпэктывы. Наш Сьвяты Сьцяг, магутны покліч “Жыве Беларусь!” пераможна ўзьняліся над беларускай зямлёй і прагучалі на ўвесь сьвет. Беларуская моладзь ня хоча быць маўклівым паслухмяным статкам — такое пасланьне атрымаў наш народ і сьвет.

Ня трэба, аднак, папікаць юнакоў і дзяўчат, якія стаялі са сьвечкамі ў некалькіх пунтктах нашай сталіцы. Яны хацелі, як лепш. Трэба спытацца, хто распрацаваў гэты плян раптоўнага “аняменьня” і заўпакойнага настрою для нашай рэвалюцыйнай моладзі? Хто перадае па ўсім сьвеце гэтыя “нямыя сцэны” як выраз канца беларускай рэвалюцыі? І хто ў той жа час не перадае, не друкуе, не транслюе сцэны сапраўднага народнага ўздыму пад нацыянальнымі сьцягамі і выразнымі лёзунгамі? Вядома хто: той, хто зацікаўлены ў спыненьні рэвалюцыйнага працэсу і абнаўленьня нашай краіны, хто працуе пад камандай спэцслужбаў рэжыму і Расеі. Ім выгадна, каб беларусы зноў анямелі.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ