“УСЕ АКУПАНТЫ ПАДОБНЫЯ”

29 красавіка 2006 г. Нарвэжская газэта “Aftenposten” паведамляе, што Кітай пабудаваў на тэрыторыі акупаванага Цібэту чыгунку. Першыя выпрабаваньні лініі пройдуць на пачатку ліпеня сёлета. Цібэтцы па ўсім сьвеце пратэстуюць супраць гэтага “падарунка” каляніялістаў. Яны заяўляюць, што высакагорная чыгунка дазволіць Кітаю больш інтэнсіўна разбураць самабытную будыйскую культуру Цібэту, якая захавалася дзякуючы ізаляцыі горнай краіны.

Наш камэнтар: Усе акупанты падобныя са сваімі “падарункамі”. Расея пнецца ў Беларусь са сваімі ракетамі, базамі, бамбавікамі, радыёлякацыйнымі станцыямі. Засяляе нашы гарады сваімі “спэцыялістамі”. Сапраўды, гэта гамэраўскія падарункі данайцаў — траянскі конь з Масквы ўжо коціцца па смаленскай дарозе ў бок беларуска-польскай мяжы. Аднак, міністар вайны РФ Іваноў не падобны на хітрамудрага Адысея. Трэба аддаць належнае, масковец кажа ўсё ў адкрытую, без міфалягічных хітрыкаў: “Беларуская армія належыць нам, вы будзеце абараняць Маскву, будзеце пярэднім краем нашай абароны...” Калі паратунак цібэтцаў у ізаляцыі ад варожага Кітаю, то для беларусаў альтэрнатывай выжываньня ёсьць стварэньне сваёй салідарнай нацыянальнай сілы, хаўрус і супрацоўніцтва з НАТО і з эўрапейскімі краінамі. Няхай акупанты самы катаюцца на сваім драўляным кані.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ