НОРАВЫ РЭЖЫМУ

10 траўня граміламі спэцназу была зьбіта моладзевая актывістка Любоў Кучынская. Дзяўчына сьцьвярджае, што спэцназаўцы білі яе па галаве і нагах, парвалі заплечнік і зламалі мабільны тэлефон.

У гарадзкой Управе міліцыі Менска гавораць, што разбор гэтай справы пачнецца толькі ў тым выпадку, калі пацярпелая зьвернецца да ўладаў з адпаведнай заявай.

Любоў Кучынскую затрымалі яшчэ перад пачаткам акцыі на выхадзе з падземнага пераходу каля рэстарану "Макдональдс", што на Кастрычніцкай. Некалькі асоб у цывільным і ў форме байцоў спэцназу падскочылі да дзяўчыны й ейнага знаёмца й пацягнулі ў бліжэйшы двор.

Распавядае Любоў Кучынская:

Кучынская: “Я ўпіралася, і яны мяне папросту панесьлі. Калі занесьлі ў двор за Макдональдсам, — пачалі штурхаць. Ударылі па галаве. Потым занесьлі ў аўтобус. Патрабавалі, каб я паказала, што знаходзіцца ў мяне ў заплечніку. Я ня стала паказваць. Мне парвалі заплечнік, зламалі тэлефон. Як пачулі, што мне нехта тэлефануе, — білі па галаве й па нагах. Сарвалі зь мяне заплечнік, вытрасьлі ўсё, што ў ім было. Потым мне стала дрэнна. І тады ўжо выклікалі “хуткую дапамогу”. Бо я стала задыхацца, і ў мяне моцна падвысіўся ціск”.

Любоў Кучынскую даставілі ў шпіталь хуткай дапамогі, дзе лекары паставілі ёй дыягназ — гіпэртанічны крыз. Ад шпіталізацыі дзяўчына адмовілася, і ёй прызначылі хатні пасьцельны рэжым.

(Паводле радыё “Свабода”)