“ДРУЖБА НАРОДАЎ”

20 траўня 2006 г. Польская газэта “Rzeczpospolita” піша пра падрыхтоўку на 22 траўня ў Кіеве саміту арганізацыі ГУАМ, у якую ўваходзяць Грузія, Украіна, Азэрбайджан і Малдова. Мяркуецца, што згаданыя краіны могуць заявіць пра агульны курс на выйсьце з СНД. Нам. міністра замежных сувязяў Украіны Антон Бутэйка шчыра сказаў журналістам: “Навошта нам выплочваць штогод мільён даляраў за сяброўства ў СНД? У рамках гэтай арганізацыі не ўдалося нават падзяліць даўнія пазыкі і актывы былога савецкага саюза”. Масква ведае пра пазіцыю гэтай групы краінаў і паспрабавала зрабіць рэклямны крок, арганізаваўшы ў Менску 19 траўня канфэрэнцыю “эўраазіяцкай эканамічнай супольнасьці” (РФ, РБ, Казахстан, Кыргызтан, Таджыкістан). Прэм'еры згаданых краінаў заяўлялі пра ўзаемны інтарэс і накіраванасьць.

Наш камэнтар: Многім ужо зразумела, што арганізаваная Масквой штучная структура СНД пачынае хістацца і сыпацца. Імпэрыя ліхаманкава зьбірае парэшткі постсавецкага хаўрусу, дэманстрацыйна робіць гэта ў нашым Менску. Але пры чым тут мы, пры чым беларусы? Сьмешна было глядзець і слухаць рэпартажы БТ з апошняга саміту. Аддаленыя ад нас на тысячы кілёмэтраў міністры ў цюбіцейках пераконвалі нас ва ўзаемавыгаднай любові і дружбе. Гаварыў пра нешта Фрадкоў, ўдаваў гаспадара мясцовы Сідорскі... Ну што ў нас агульнага з тым жа Таджыкістанам, разбураным вайной? Што агульнага з Кыргызтанам, які стаіць на парозе грамадзянскай вайны? Што агульнага з маскоўскай імпэрыяй, якая ня можа жыць без вайны? Украінцы, палякі і балтыйскія суседзі ўжо ідуць шляхам эўрапейскай цывілізацыі, ліквідуюць парэшткі маскоўскай залежнасьці. А нам на лоб крамлёўскі бонза зноў насоўвае цюбіцейку.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ