ЮРЫ ЗАВАДЗКІ

(Менск 9.11.1961–17.4.2006, Маладэчна)

Яго імя ня трапіць у энцыкляпэдыі і падручнікі. Але Юрыя Завадзкага будуць памятаць ня толькі сваякі й сябры. Ён быў з тых дзесяткаў, а мо й сотняў тысяч беларусаў, чыё жыцьцё зьмянілі падзеі сакавіка 2006 году. Праўда, жыць Юрыю, што таксама адчуў сябе вольным чалавекам, які хоча быць грамадзянінам вольнае краіны, заставалася лічаныя дні.

Маладэчанец Завадзкі займаўся бізнэсам у Расеі, аднак напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў адмыслова прыехаў на Радзіму. 19 сакавіка ён з старэйшай дачкой Ірынай ня змог дабрацца да Менску, бо ўсе электрычкі, як і іншы транспарт, былі адмененыя. Ірына, студэнтка аддзяленьня фатаграфіі Менскага тэхналягічнага каледжу, зьявілася ў Менску назаўтра і засталася ў намётавым мястэчку. Два дні на гэтай тэрыторыі свабоды, якую яе абаронцы назвалі плошчаю Каліноўскага, быў і спадар Юры — падвозіў прадукты і цёплыя рэчы, шчасьлівымі вачыма глядзеў на дачку і яе сяброў.

Пасьля ліквідацыі намётавага лягеру спэцназам Ірына Завадзкая апынулася сярод сотняў арыштаваных. Так званае беларускае тэлебачаньне перадало, што ўсіх жанчын вызвалілі. Гэта быў той выпадак, калі людзі, найперш блізкія схопленых, гатовыя былі паверыць нават БТ.

Але дачкі не было двое сутак, і Юры, які ніколі не скардзіўся на сэрца, перажыў першы прыступ. Ён знайшоў Ірыну, прарваўся на суд, дзе адкрыта сказаў, што думае пра рэжым і яго абаронцаў у судзейскіх мантыях. Потым дзень пры дні насіў у турму перадачы, сустракаў Ірыну, як гераіню, перажываў, калі яе за бел-чырвона-белы значок амаль кожны дзень затрымлівалі людзі ў форме і ў цывільным.

Неўзабаве Юрыя выклікаў на размову дырэктар даччынага каледжу Аляксандар Гайдукевіч. Высьветлілася, што Ірына — яшчэ ўчора выдатніца, здольная фотамастачка, удзельніца й пераможца выставаў і конкурсаў — “ужасно опозорила учебное заведение”. Завадзкі адмовіўся “хорошо повлиять на правонарушительницу” і заявіў, што ганарыцца любімай дачкой.

Гэтым разам ягонае сэрца ня вытрымала. Юры ўжо не прышле адлічанай з каледжу дачцэ SMS-ку, як рабіў гэта штодзень усе апошнія гады. Яны не паедуць разам на рыбалку. Але Ірына перакананая, што яна з сваімі малодшым братам Жэнем і сястрой Марынай, яшчэ школьнікамі, будуць жыць у іншай Беларусі. Той, якую не пасьпеў убачыць і пра якую марыў Юры Завадзкі.

Сёньня 40 дзён, як яго няма з намі.

Уладзімер Арлоў, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ