У РАСЕІ ПАШЫРАЕЦЦА РАБСТВА

1 чэрвеня 2006 г. Славацкая газэта “Novy Cas” паведамляе пра скандал на поўначы Італіі. У вёсцы Кунэа арыштавана сялянская сямья, якая на працягу гадоў эксплуатавала 57-гадовага раба. Мужчыну з псіхічнымі адхіленьнямі прымушалі працаваць, білі, не давалі есьці. Няшчасны краў ежу ў сабак, спаў разам з каровамі. Суседзі ведалі пра гэта і баяліся паведаміць паліцыі. Уся Італія ўражана інцыдэнтам.

Наш камэнтар: А ў Расеі хоць бы што. Калі пра ўсе такія інцыдэнты з рабамі на тэрыторыі РФ паведамлялі б СМІ, то ні на што іншае часу і месца проста не хапіла б. Час ад часу з расейскага рабства вырываюцца беларусы. Яны распавядаюць потым, як па афіцыйнай рэкляме, разьмешчанай на платах або ў газэтных аб'явах па ўсёй Беларусі, яны падаліся ў Расею “падзарабіць”. У аб'явах ім абяцалі “дастойныя ўмовы працы і пражываньня, высокія заробкі” і г.д. На месцы, аднак, расейскія рабагандляры забіралі ў іх пашпарты і здавалі рабоў на ўчасткі, дзе нашы людзі працавалі па 12 гадзінаў на дзень, жылі ў хлявах, спалі на падлозе, ня мыючыся і галадаючы. Часам, каб не памерці з голаду, яны выконвалі самую цяжкую працу, ад якой адмаўляліся нават таджыкі (або працавалі рабамі у таджыцкіх кланаў, што атабарыліся ў РФ). Тысячы нашых людзей загінулі або згінулі бяз вестак, сотні тысячаў былі зьбіты і абрабаваны расейскімі бандытамі. Актыўны ўдзел у арганізацыі рабагандлю прымае ўдзел расейская міліцыя. І вось жа самае дзіўнае, што пасьля ўсяго гэтага новыя і новыя тысячы беларусаў купляюцца на расейскія абяцанкі і едуць у жудасны маскоўскі рэйх на заробкі.

З боку прарасейскага рэжыму мы ня чулі нават піску на гэтую тэму — паводле рэжыму, як і паводле запіснога “адзінага апазіцыянэра” Мілінкевіча, “у Беларусі няма беспрацоўя”... А тым ня менш, выйсьце з гэтага жудаснага тупіка ёсьць. Яго паказалі нам малдаўскі народ і ягонае дзяржкіраўніцтва. Вядома, што на працягу апошніх месяцаў з 700 тысячаў малдаўскіх гастарбайтэраў, якія надрываліся ў Расеі, 600 тысячаў пераехалі на легальную працу ў краіны Заходняй Эўропы (з якімі дамовіўся кішынёўскі ўрад). Да малдаванаў, — талковых прафэсіяналаў будаўніцтва і сельскагаспадарчай працы, дысцыплінаваных і культурных людзей, — на Захадзе паставіліся з павагай і даверам. Яны працуюць і жывуць у стандартных чалавечых умовах (інакш на Захадзе забаронена законам), маюць высокія заробкі і хапаюцца за галаву, лемантуючы: “Якія ж мы былі дурныя, працуючы столькі гадоў у расейскім рабстве!”

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ