“ГАЗПРОМ” ІМКНЕЦЦА КАНТРАЛЯВАЦЬ МАГІСТРАЛЬНЫЯ ГАЗАПРАВОДЫ

Карэспандэнт Радыё Свабода: "Чаго насамрэч хоча Масква ад Беларусі? Тут вылучаюцца розныя вэрсіі. Кажуць пра імкненьне сапраўды павысіць цэны на газ, каб ня толькі зарабіць грошы, але прыстойна выглядаць у вачах лідэраў “вялікай васьмёркі” ці Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі. Таксама адзначаюць, што з дапамогай такога ціску Масква хоча прымусіць Беларусь перайсьці на расейскі рубель ці нават аб'яднацца з Расеяй..."

Адказвае эканаміст Валер Дашкевіч:

Дашкевіч: “"Газпром" — гэта расейская дзяржаўная кампанія. І Крэмль даўно нават ня робіць выгляду, што не выкарыстоўвае гэтай структуры дзеля палітычнага ціску на іншыя краіны.

Таму тут існуе некалькі мэтаў. Найперш карпаратыўныя мэты “Газпрому”. Доўгатэрміновая стратэгія кампаніі прадугледжвае, што дзеля забесьпячэньня доўгатэрміновага транзыту газу ў Эўропу, кампанія імкнецца стаць саўладальнікам ці паставіць пад свой кантроль магістральныя газаправоды на тэрыторыі іншых краінаў. Гэтую мэту “Газпром” імкнецца дасягнуць і ў Беларусі, і ва Ўкраіне.”

(Паводле радыё “Свабода”)