ПРАЯВЫ МАРАЛЬНАГА РЭГРЭСУ

20 чэрвеня 2006 г. Румынская газэта “Adevarul” піша пра скандал вакол прынца. Сын апошняга караля Італіі (манархію італьянцы адмянілі ў 1947 г.) прынц Віторыа Эмануэле дэ Савоя на працягу гадоў актыўна займаўся гульнявым бізнэсам, адмываў грошы, а галоўнае, наладзіў канвэер па дастаўцы прастытутак з Усходняй Эўропы на заходнія панэлі. Вакол прынца з азызлым тварам збачэнца і цыніка сьледства знаходзіць усё больш адказных асобаў з дзяржадміністрацыі, паліцыі і бізнэсу.

Наш камэнтар: Яшчэ адзін знак выраджэньня заходніх элітаў. Беларусы добра памятаюць сустрэчы з гэтымі “элітнымі” на пачатку 1990-х гадоў, калі мы пачалі езьдзіць на Захад. На канфэрэнцыях і прыёмах нам прадстаўлялі гэтых “прадстаўнікоў манархіі і традыцыі”. Тыя адразу пачыналі хваліць Гарбачова, гукалі, што магчымы развал СССР быў бы трагедыяй, што “вам усім трэба трымацца Масквы”. Пра тыранію КГБ яны слухаць не хацелі, адразу махалі рукамі. На поўным сур'ёзе прапанавалі беларусам быць нацменшасьцю ў Расеі і г.д. Адным словам, дэманстравалі сваю інтэлектуальную недалёкасьць, няздольнасьць аналізаваць відавочнае, а таксама нейкую выгадніцкую сплеценасьць з савецкай сістэмай. Так і хацелася спытаць у іх: “Вы, батюшка чай не партейный?”

Пасьля падзеньня саўдэпіі ў 1991-м ужо на наступны год пачаўся развал кіруючай партыі ў Італіі, якую гэтыя хітруны называлі “хрысьціянска-дэмакратычнай” (а на самай справе яны даўно зрасьліся мафійнымі сувязямі з маскоўскім нафтавым монстрам, нічога хрысьціянскага за душой у іх не заставалася). Партыю тэрмінова разагналі, пачаўся пэрманэнтны пошук “новых шляхоў”, і мы зноў бачым, як Бэрлусконі цалуецца з Пуціным. І вось уся гэтая бульварная публіка працягвае корчыць з сабе “правадыроў дэмакратыі і Эўропы”, лёгка здае Беларусь і іншыя постсавецкія краіны пад расейскую агрэсію, кажа нам, як трэба жыць і любіць Расею і г.д. Ня будзем жа аглядацца на іх, ідучы шляхам вызваленьня нашай Бацькаўшчыны.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ