ПАЛЯКІ ЗЬДЗІЎЛЯЮЦЬ БЕЛАРУСАЎ

20 чэрвеня 2006 г. Польская газэта “Zycie Warszawy” піша пра вайсковыя вучэньні “Шчыт саюза”, што разгарнуліся на захадзе Беларусі. Аўтарам канцэпцыі вучэньняў газэта называе начштаба ўзброеных сілаў РБ генэрала Гурулёва. А канцэпцыя такая. Варожая заходняя краіна Бугія (газэта мяркуе, што гэта Польшча або Украіна) нападае на мірную Бугію (гэта Беларусь), каб захапіць Шчарскую даліну (Берасьцейскую вобласьць). Бугія зьвяртаецца па дапамогу да братняй Дняпровіі (Расеі), і разам яны даюць дыхту заходняму агрэсару.

Наш камэнтар: Цікава, няўжо польскія аналітыкі на поўным сур'ёзе думаюць, што згаданы Гурулёў намаляваў плян гэтых манэўраў? Можа яны думаюць таксама, што Гурулёў сапраўды камандуе войскамі Беларусі? Ужо нават ўшчэнт цывільныя грамадзяне Беларусі зразумелі, што наш афіцэрскі корпус, нашы жаўнеры і сяржанты даўно ўжо існуюць як закладнікі маскоўскай генэральскай хеўры. Што беларускія ўзброеныя сілы ўжо шэраг гадоў ёсьць падраздзяленьнем расейскай арміі. Што неабходна вызваляць наша войска і нашу краіну ад расейскага акупанта. Палякам пад самую мяжу маскоўцы паставілі свае ракеты, у білжэйшыя месяцы зьбіраюцца захапіць Беларусь і выйсьці ўсёй варварскай цемрай на мяжу Польшчы. А ў Варшаве працягваюцца тэарэтызаваньні наконт падтрымкі “лідэра беларускай дэмакратыі” Мілінкевіча ды іншых падстаўных вінцучкоў-лебедько, якія заяўляюць: “Расея — наш стратэгічны партнёр” і заклікаюць беларусаў браць удзел у падстаўных выбарах дыктатуры.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ