МІЖНАРОДНЫ “АДКАТ”

8 ліпеня 2006 г. Французкая газэта “Le Figaro” піша пра падрыхтоўку да парляманцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў у Конга (былым Заіры). У краіне стаяць войскі ААН і міжнародны афрыканскі кантынгент, але справы там ідуць па-ранейшаму, як за часоў дыктатуры. За апошнія пяць гадоў невядома дзе зьніклі, “растварыліся” (як камэнтуе гэта апазыцыя) 500 мільёнаў дaляраў, якія паступілі ў Конга ад Сусьветнага банку. Палова з усіх зарэгістраваных кандыдатаў (апазыцыянэры) заклікаюць да спыненьня перадвыбарчай кампаніі і адмены прэзыдэнцкіх і парляманцкіх выбараў, прызначаных на 30 ліпеня сёлета. Яны заяўляюць: “Няўжо да ўлады зноў прарвуцца ўсе гэтыя д'яблы ад карупцыі, якія скралі дзяржаўныя грошы?”

Наш камэнтар: Нешта мы ня чулі пра сьледства па гэтай справе ў структурах Сусьветнага банку. Сотні мільёнаў (сабраныя з заходніх падаткаплацельшчыкаў) зьнікалі ў карупцыйнай афрыканскай яме на працягу першага году, другога году, трэцяга году... А Сусьбанк “не заўважаў” працэсу растварэньня гэтых шалёных грошай. Ужо нават школьнікі ведаюць цяпер, што такое “адкат”. Гэта калі жульніцкая кантора па дамоўленасьці з дзяржбандытамі або проста бандытамі перадае ім суму грошай, зь якой бандыты павінны “саступіць” значную частку гэтай сумы грантадаўцам. У гэтым выпадку грантадаўцы ня будуць “заўважаць” зьнікненьня грошай, а працягнуць працэс “дэмакратызацыі” постдыктатарскага рэжыму. Нават у Конга знайшліся людзі, якія адкрыта выступілі супраць гэтай гнюснасьці. Яны зразумелі, што наладжваць выбары ў такой сітуацыі — справа бессэнсоўная і шкодная для дзяржавы і народу. Дэмакратычных выбараў ня бывае і ня можа быць ва ўмовах панаваньня дзяржаўнай карумаванай мафіі (якая атрымлівае заходнія гранты). Афрыканскі прыклад дакладна кладзецца на мадэль расейскай сітуацыі. Дзесяткі мільярдаў дaляраў заходняй дапамогі “на дэмакратыю” (а на самай справе на захаваньне СССР, а потым РФ) бесперапынна ліліся з заходніх банкаў у Маскву, дзе раскрадаліся крамлёўскай карумаванай камандай. Час пакажа, які адсотак ад гэтых сумаў прызямляўся ў выглядзе “адкату” на рахунках эўрадэпутатаў і эўрапалітыкаў. Толькі ў адрозьненьне ад Конга няма каму ў Расеі заявіць публічна аб спыненьні псэўдавыбараў ды выгнаньні д'яблаў карупцыі. Свае высновы аб выбарах “па-кангалезку” трэба пакуль ня позна зрабіць беларусам.

Валеры Буйвал