“ЭКСТРЭМІСТЫ” Ў РАСЕІ

8 ліпеня 2006 г. Польская газэта “Rzeczpospolita” піша пра прыняцьце Дзярждумай РФ паправак да “Закону аб экстрэмізме”. Паводле новых паправак, любыя крытычныя выказваньні на тэму ўладаў кваліфікуюцца як экстрэмізм. Сярод іншага экстрэмізмам называецца “абцяжарваньне законнай дзейнасьці ворганаў дзяржаўнай улады, зьвязанае з прымяненьнем сілы або пагрозай яе прымяненьня”, “публічны паклёп на прадстаўнікоў улады”, а таксама распаўсюджваньне відэа- і друкаваных матар'ялаў, якія “маюць рысы экстрэмісцкай дзейнасьці”. Польская газэта згадвае пра “возмушченіе апазыцыі” з гэтай нагоды.

Наш камэнтар: А што цяпер “возмушчаться”? Мы добра памятаем, як нямцовы-хакамады-яўлінскія ўключыліся ў сістэму лубянскай улады. Як ад шчырай душы і па загадзе гэтай улады яны езьдзілі ў Беларусь і заклікалі нас да “інтэграцыі з Расеяй, больш шчыльнай інтэграцыі, чым пры Лукашэнку”. Як гэтыя “апазыцыянэры” падпісвалі ў Маскве антыбеларускія пагадненьні з вінцучкамі-хадыкамі-лебедько і ўсёй мясцовай прамаскоўскай публікай. Як пасьля выкананьня падстаўной ролі лубянцы вытурылі гэтую “апазыцыю” з калідораў расейскай улады. Мы разумеем таксама, што цяперашнія думскія папраўкі ёсьць творчым паўтарэньнем таго, што ўжо колькі месяцаў таму было прынята менскімі “палаткамі”. Пасьля чарговага экспэрымэнту на акупаванай беларускай зямлі адбылося “внедреніе” вынаходніцтва на прасторах РФ. Мы гэта памятаем і бачым, але лягічнай сувязі, на жаль, ня бачаць польскія аналітыкі.

Валеры Буйвал