ДЖОРДЖ АЛЬБЭРТ КРОЛ ПРА БЕЛАРУСЬ

Амбасадар Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Беларусі Джордж Альбэрт Крол даў інтэрв'ю Беларускай службе Радыё Свабода. Празь некалькі тыдняў завяршаецца тэрмін ягонай дыпляматычнай місіі ў Беларусі, і на разьвітаньне спадар Крол адказаў на самыя розныя пытаньні.

Ён сказаў:“Мы, амэрыканцы і эўрапейцы, лічым, што дэмакратычная супольнасьць у Беларусі — гэта падмурак стабільнасьці, росквіту і міру ў гэтым рэгіёне. Мы ня бачым пагрозы з боку Беларусі ў пляне палітычнай сытуацыі, але Беларусь — частка Эўропы, гэта сэрца Эўропы, але гэта ня толькі сэрца, гэта сумленьне Эўропы.

І калі тут не існуе дэмакратычнай сыстэмы й не паважаюць правоў чалавека паводле эўрапейскіх стандартаў, то гэта супярэчыць нават гісторыі Беларусі. Беларусы — старажытны народ, які знаходзіўся ў цэнтры разьвіцьця эўрапейскіх каштоўнасьцяў. Менавіта тут першы раз у гісторыі чалавецтва быў прыняты вельмі дэмакратычны дакумант — “Статут Вялікага Княства Літоўскага”. Наколькі я ведаю, ён быў напісаны па-беларуску. Гэта было ўпершыню ў гісторыі Эўропы. І Беларусь і цяпер павінна быць у цэнтры і паважаць гэтыя каштоўнасьці”.

“Усе мае афіцыйныя прамовы — на беларускай мове. Я так вырашыў, бо паважаю гэтую мову, яна вельмі прыгожая і мілагучная. Калі я вандрую па краіне, то я заўсёды размаўляю зь людзьмі па-беларуску. Першая рэакцыя — мне адказваюць па-расейску, але празь дзесяць-дваццаць хвілінаў пачынаюць гаварыць па-беларуску зь вялікім задавальненьнем”.

“Канечне, Расея адыгрывае вялікую ролю ў палітычным і эканамічным жыцьці Беларусі. Гэта вялікі сусед, вялікія эканамічныя дачыненьні й залежнасьць з боку Беларусі, і з боку Расеі таксама. З майго асабістага досьведу: беларусы і расейцы — гэта абсалютна розныя народы з рознай гісторыяй і рознымі традыцыямі. І характар беларусаў і расейцаў таксама адрозьніваецца”.

(Карэспандэнтка:) “Вы сёньня прыйшлі ў студыю Радыё Свабода, і на вас вельмі прыгожы льняны гарнітур — вы папярэдне патлумачылі, што гэта беларускі лён, гарнітур вы набылі ва ўнівэрмагу Віцебску. А якое яшчэ і матэрыяльнае, і маральнае ўвасабленьне Беларусі вы з сабой павезяце ў Амэрыку?”

(Крол:) “Назаўсёды застанецца беларускі дух. Тыдзень таму я быў на Віцебшчыне ў Бычках, месцы нараджэньня Васіля Быкава. Гэта мяне вельмі моцна эмацыйна ўразіла. Асабліва прыгажосьць гэтага месца. Калі я чытаў выдатны твор Быкава “Доўгая дарога дадому”, там было апісаньне ягонага дзяцінства. Я бачыў гэтае возера, гэты лес, і гэтыя пагоркі, гэтую хату. Нешта падобнае я адчуваў, калі быў на месцы нараджэньня Ўладзімера Караткевіча. Таксама я быў моцна ўражаны, калі наведваў такія гістарычныя мясьціны, як Гальшаны, розныя палацы, сядзібы, палі бітваў. Я сам са славянскага роду і асабліва на Прыпяці адчуваю магнэтычную прыцягальнасьць. Нядаўна я там бачыў на драўляным чоўне старога ў старажытнай беларускай вопратцы. Гэта было як мара, як вестка зь мінуўшчыны, якая яшчэ існуе ў Беларусі. Я лічу, што Беларусь мае своеасаблівую духоўнасьць — гэта сумленьне ня толькі Эўропы, але ўсяго чалавецтва. Тое, што тут адбывалася, і тое, што тут яшчэ будзе, вельмі важна”.

(Паводле радыё “Свабода”)