ГУЛЬЦЫ Ў ДЭМАКРАТЫЮ

13 ліпеня 2006 г. Летувіская газэта “Lietuvos Rytas” паведамляе пра канфэрэнцыю ў Маскве пад назовам “Іншая Расея”. Там сабраліся напярэдадні піцерскага саміту G-8 прадстаўнікі правай і левай апазыцыі рэжыму Пуціна. Яны прынялі зварот да краінаў “васьмёркі”, дзе паведамляюць пра тое, што Расея збочыла з дэмакратычнага і лібэральнага шляху, а таксама пра хвалю рэпрэсіяў супраць удзельнікаў канфэрэнцыі (міліцыя і гэбэ здымала іх з цягнікоў, затрымлівала ў аэрапортах) і ў Пецярбурзе (дзе ўлады арганізавалі зачыстку ўсіх патэнцыйных апазыцыянэраў).

Наш камэнтар: Пра ўсё гэта распавядаў таксама старшыня гэтай стракатай канфэрэнцыі вядомы шахматыст Гары Каспараў. Але нешта ня чулі мы ні раней ні цяпер заяваў гэтай “апазыцыі” наконт вайны супраць чачэнскага народу, агрэсіі РФ супраць Беларусі, правакацыяў супраць Украіны, Грузіі і Малдовы. Вядома, што на працягу гадоў “расейская апазыцыя” гулялася ў шашкі-шахматы з лубянскімі жулікаватымі гросмайстрамі. А тыя раптам зараўлі: “е два, е чатыры!”, перакулілі дошкі і пагналі ў карак увесь шахматна-шашачны клюб. Дагуляліся “апазыцыянэры”. Лягічны фінал маскоўскіх мілінкевічаў-ганчарыкаў.

Валеры Буйвал