“АНАЛІТЫКА” Ў СТЫЛІ ЧУЧХЭ

17 ліпеня 2006 г. Нарвэжская газэта “Dagbladet” публікуе “аналітычны матар'ял” з нагоды піцерскага саміту “васьмёркі”. На здымку зух Вова Пуцін кідае цераз сабе аднаклясьніка Шастакова ў эфэктным прыеме самба. “Аналітыка” якраз і прысьвечана гэтаму Шастакову. Пуцінскі равесьнік распавядае нарвэжскім чытачам, як малы Пуцін “любіў наступальную тактыку”, як быў правадыром хлапечай групоўкі ў сваім раёне, як яны разам “марылі стаць героямі”.

Наш камэнтар: Такую аналітыку вынайшлі не скандынаўскія газэтчыкі. Вядома, што ў Паўночнай Карэі, напрыклад, на поўным сур'ёзе пабудавалі манумэнтальны мэмарыял на месцы, дзе “вялікі і любімы правадыр Кім Ір Сэн у свае 10 гадоў перамог 12-гадовага суперніка”. Піянэры штодня праводзяць там лінейкі, даюць клятвы і сьпяваюць карэйскія “взвейтесь кострамі сініе ночі...” (Прапануем арганізаваць тое ж самае ў Шклоўскім раёне). Гісторыкі любілі згадваць, як малы Банапарт заўсёды камандваў штурмамі сьнежных крэпасьцяў, а 8-гадовы Кромвэль пабіўся з малым прынцам Чарльзам і разьбіў яму нос (пазьней ён жа загадаў адсекчы каралю Чарльзу галаву). Чытаць такія пагаданкі, безумоўна, кур'ёзна. Абы толькі за кур'ёзамі нарвэжскія гора-аналітыкі не прахлопалі вушамі сур'ёзныя рэчы на тэму суседняй агрэсіўнай імпэрыі, як у свой час яны зрабілі гэта з гітлерскім рэйхам.

Валеры Буйвал