ХУНТА НА КАРКУ

22 ліпеня 2006 г. Італьянская газэта “Corriere della Sera” паведамляе, што рада міністраў Італіі выдала дэкрэт на легалізацыю 350 тысячаў замежных працоўных, якія дагэтуль нелегальна працавалі на тэрыторыі краіны. У цэлым адзін мільён замежных рабочых атрымае дазвол на працу ў Італіі. Афіцыйны Рым запрашае на працу рабочых з новых краінаў Эўразьвязу.

Наш камэнтар: Гэта значыць, што на высокааплочваемую і легальную працу ў Італію паедуць палякі, эстонцы, славакі і іншыя нашы блізкія і больш далёкія суседзі па былому “соціалістіческому лагерю”. Украінцаў у Італіі ўжо тысячы і тысячы, цяпер яны атрымаюць дакуманты на пражываньне і працу. А тым часам беларусы зноў будуць ехаць у маскоўскае рабства, зноў маскоўская мафія будзе адпрацоўваць на нашых людзях эфэктыўныя прыёмы катаваньня і забойства. Можна ў каторы раз наракаць на падвойныя стандарты заходняга кіраўніцтва, на несправядлівасьць і няўдзячнасьць. Але галоўная прычына гэтай драматычнай сітуацыі ў тым, што наш народ працягвае цярпець на сваім карку шклоўскую хунту зь ейнай прамаскоўскай палітыкай і ізаляцыяй ад цывілізаванага сьвету.

Юрка Марозаў