БЮРАКРАТЫЯ НА СЦЭНЕ

31 ліпеня 2006 г. Румынская газэта “Adevarul” друкуе агляд эўрапейскіх выданьняў на тэму блізкай адстаўкі Хавьера Саляны, адказнага ў Эўразьвязе за замежныя сувязі і бясьпеку ЭЗ. Многія ў Брусэлі лічаць гішпанца Саляну “кепскім дыпляматам і эгацэнтрычнай асобай”. Ягоныя дзеяньні на міжнароднай арэне іранічна называюць “one man's show” (“тэатр аднаго акцёра”). Газэтчыкі і палітыкі называюць розныя імёны магчымых наступцаў тэатральнага эўраміністра.

Наш камэнтар: А можа справа не ў акцёрстве гэтага Саляны, а ў самым Эўразьвязе і ягонай палітыцы? Гэта добра зразумелі ліванцы і палестынцы, якія ўжо другі дзень грoмяць раскошныя офісы ААН і ЭЗ, спыняюць і бьюць аўтамабілі эўрачыноўнікаў у сэктары Газа і Бэйруце. Згаданы Саляна і шэраг іншых вышэйшых (і нікім не абраных чыноўнікаў) нядаўна зьявіліся на пару гадзінаў у Бэйруце, пакруціліся перад тэлекамэрамі, паўсьміхаліся, прадундзелі рытуальнае “мы за мір” і зьехалі. А ізраільскія бамбардоўкі жылых кварталаў і паселішчаў працягнуліся далей, ды яшчэ з большай сілай. Міжнародныя арганізацыі ў каторы раз дэманструюць (прычым, дэманструюць бессаромна) сваю поўную бездапаможнасьць і бязраднасьць. І гэта пры шалёных ганарарах кіраўніцтва, сакратароў і сакратарыкаў, мільённых выдатках на іхнае ўтрыманьне. Разбомбленыя людзі ў каторы раз пытаюцца: “Можа яны на самой справе прыкрываюць сваёй балбатнёй чыюсьці палітыку?” Згаданага Саляну добра памятаюць украінскія патрыёты. Калі ў лістападзе-сьнежні 2004 г. ужо некалькі тыдняў на плошчах Кіева сотні тысячаў людзей пратэставалі супраць сфальшаваных прамаскоўскай хунтай прэзыдэнцкіх выбараў, калі Масква дасылала ў украінскую сталіцу свае спэцчасткі, а ў некалькіх усходніх абласных цэнтрах Украіны Лубянка разгортвала цемру сваёй агентуры дзеля дэстабілізацыі дзяржавы, Эўразьвяз маўчаў і чакаў. Саляна не сьпяшаўся нават пазнаёміцца з канфліктам. Безумоўна, прадажная эліта ЭЗ пра ўсё ўжо дамовілася загадзя з Масквой: нам — Цэнтральная Эўропа, а вы забірайце ў сваю Сібір Украіну з Беларусяй. Мы ў сваю чаргу добра памятаем “міжнароднага міратворца” з АБСЭ нямецкага шпіёна Ганса Віка, які ў паразуменьні з КГБ РБ утварыў грантаўскую “об'едінённую оппозіцію” і нанёс вялікую шкоду дэмакратыі і нацыянальна-вызвольнаму руху Беларусі. А потым заявіў, што галоўнай мэтай ягонай дзейнасьці ў Менску было далучэньне Беларусі да “дэмакратычнай Расеі”. Міжнародны чыноўнік за эўрапейскія грошы выконваў імпэрскі заказ Масквы-Бэрліна і гэта лічылася афіцыйнай палітыкай АБСЭ (!). Усё гэта лішні раз даказвае, што ў першую чаргу сам народ павінен абараняць свае нацыянальныя і дзяржаўныя інтарэсы, а не спадзявацца на міжнароднае чынавенства.

Валеры Буйвал