УГОДКІ ЛАРЫСЫ ГЕНІУШ

9 жніўня споўнілася б дзевяноста шэсьць гадоў Ларысе Геніюш. Вярнуўшыся з савецкага лягеру ў 1956-м, яна да апошніх сваіх дзён, да 1983 году, жыла ў Зэльве.

Штогод 9 жніўня ў зэльвенскай Траецкай царкве адбываліся памінальныя службы па Ларысе Геніюш. Зазвычай дзясяткі людзей сьпяшалі ў гэты дзень у Зэльву з розных куткоў Беларусі, каб паставіць сьвечку памяці ў храме, у якім малілася сама паэтка. Істотна, што памятныя набажэнствы спраўляліся, як правіла, па-беларуску. Дзеля гэтага нават прыяжджалі беларускамоўныя сьвятары з Горадні. Аднак сёлета службы ня будзе. Чаму? Спадар, у якога я пра гэта спытаўся, папрасіў не называць ягонага прозьвішча.

Спадар: “Служба не адбудзецца таму, што, нягледзячы на ўсе намаганьні вернікаў, прызначаны новы сьвятар. Нават Філярэту пісалі, прасілі пакінуць ранейшага — айца Аляксандра. На жаль, да голасу вернікаў царкоўнае кіраўніцтва не прыслухалася. Цяперашні бацюшка прымушае вернікаў сьпяваць “многая лета” старшыні райвыканкаму, дыфірамбы “расейскаму воінству”. Ніводнага беларускага слова ў царкве я цяпер ня чую.

Міхась Скобла