“ЯНЫ АДПОМСЬЦЯЦЬ ЗА ЎСІХ ПАКУТНІКАЎ”.

Пра тое, наколькі зьмянілася жыцьцё ў Беларусі за апошнія дванаццаць гадоў, піша ў сваім лісьце на “Свабоду” Мікола Канаховіч з Пружанаў.

“На гэта пытаньне я адказваю з болем у сэрцы й са сьлязьмі на вачах. Памятаю той цёплы сонечны дзень, калі ўпершыню ў нашым мястэчку над будынкам райвыканкаму ўзьнімалі бел-чырвона-белы сьцяг. На плошчы сабралася шмат людзей. Хто радаваўся, хто лаяўся, хто — пазяхаў. Асабіста ж для мяне гэта быў самы шчасьлівы дзень пасьля нараджэньня першага майго дзіцяці. Я, не саромеючыся, стаў тады на калені перад сьцягам і дзячыў Богу, што мая радзіма нарэшце стала па-сапраўднаму незалежнай і вольнай..."

Далей аўтар піша пра няспраўджаныя спадзяваньні й пра сёньняшнія беларускія рэаліі.

“Страх быць звольненым з працы, страх за беларускасьць, страх за палітычныя й рэлігійныя перакананьні, за будучыню сваіх дзяцей і ўнукаў... Страхам у нас прасякнута ўсё. І гэта прыводзіць да розных хвароб, да алькагалізму, наркотыкаў, распаду сем'яў.

Калі пішуць, што за апошнія 12 гадоў стала лепей і весялей жыць, — ня верце. Бо такое можа сказаць альбо правакатар, альбо люты вораг Беларусі...

За 12 гадоў беларускі народ ня стаў паўнавартаснай нацыяй (як, напрыклад, нашы суседзі), а ператварыўся ў духоўнага нябожчыка.

Што тычыцца мяне асабіста, дык я ад гэтага рэжыму пакутую штодзённа. Бо ж не апускаюся да ўзроўню чарвяка, а змагаюся за сваю чалавечую годнасьць. Аднаго разу, едучы ў цягніку Берасьце — Менск, я меў неасьцярожнасьць пацікавіцца ў двух дужых дзядзькоў-кантралёраў, чаму на чыгунцы ігнаруецца дзяржаўная беларуская мова. Ад такога пытаньня яны папросту прывар'яцелі — ня выпусьцілі мяне на патрэбнай станцыі Аранчыцы, а выкінулі з вагону на перагоне Аранчыцы–Бяроза Картуская. Тое пытаньне каштавала мне страчанага здароўя.

...Пра адно шкадую — што мне ўжо цяпер пад семдзесят. Але радуюся, што падрастаюць унукі. Упэўнены: яны адпомсьцяць за ўсіх пакутнікаў”.

(Паводле радыё “Свабода”)