ПОПЕЛ ЧАРНОБЫЛЯ І АНТЫБЕЛАРУСКІ РЭЖЫМ

10 жніўня 2006 г. Італьянская газэта “La Repubblica” паведамляе, што ў бліжэйшы час Італія прыме на адпачынак і псіхалягічную рэабілітацыю 25 ліванскіх і 25 ізраільскіх дзяцей з зоны ваеннага канфлікту. Разам з урадам праграмай займаюцца мусульманскія і габрэйскія арганізацыі Італіі.

Наш камэнтар: Такія праграмы рыхтуюцца ў шэрагу цывілізаваных краінаў. Пра тое ж сказала “гэбельсаўская прапаганда” на БТ: “Презідент заявіл, что Беларусь готова прінять на отдых і леченіе детей із зоны военных действій...” Толькі ніхто, зразумела, не пашле ў краіну пад уладай антынароднай хунты сваіх дзяцей. Уражвае цынізм і бессаромнасьць шклоўскай заявы. На працягу шаснаццаці гадоў (пасьля таго, як Беларускі Народны Фронт адкрыў праўду аб Чарнобыльскай катастрофе і зьвярнуўся да ўсяго цывілізаванага сьвету з заклікам дапамагчы беларускім дзецям) шэраг краінаў сьвету прынялі на адпачынак і лячэньне дзесяткі тысячаў нашых дзяцей. Дагэтуль выключна на гуманітарнай дапамозе з-за мяжы трымаюцца асноўныя мэдычныя установы абрабаванай прамаскоўскім рэжымам Беларусі. У сваю чаргу рэжым па загаду з Масквы рабіў і робіць усё магчымае дзеля спыненьня гуманітарнай дапамогі і ліквідацыі праграмаў чалавечых сувязяў паміж беларусамі і замежнікамі. Кантроль над большасьцю гуманітарных арганізацыяў даўно ўзяла на сабе гэбоўская агентура, нават непасрэдна адстаўныя і дзейсныя афіцэры КГБ і міліцыі. Рэжымная адміністрацыя (ад міністра да апошняга клерка на мытні) зьневажаюць замежнікаў, якія вязуць да нас гуманітарныя грузы, і патрабуюць ад высакародных людзей хабар. Многія, нацярпеўшыся зьдзекаў, адмовіліся ад паездак на Беларусь і езьдзяць у Афрыку.

Гуманітарная дапамога масава раскрадаецца асобамі, якія афіцыйна прадстаўляюць рэжым. Але ёсьць яшчэ адзін важны аспэкт гэтай трагічнай тэмы. Прамаскоўскі рэжым працягвае фашыстоўскі экспэрымэнт над беларускімі дзецьмі. Замест таго, каб выселіць сотні тысячаў нашых дзяцей з атручаных радыяцый раёнаў, рэжым будуе правальныя ракеты, шызоідныя “бібліотекі” на балоце ды кічавыя мармуровыя балюстрады з плітачным брукам насупраць сталічных рэзыдэнцыяў. Вядома, што з атручаных раёнаў дзяцей вывозяць у так званыя “пансіянаты” на 3-4 месяцы ў год нібыта на “рэабілітацыю”. Зрэдку дзяцей з чарнобыльскіх раёнаў зьмяшчаюць у лягярох на возеры Нарач і іншых чыстых раёнах краіны. Але абсалютная большасьць дзяцей атрымлівае “рэабілітацыю” у прадмесьці Гомлі (на той жа самай атручанай радыяцыяй зямлі). Тысячы дзецей жывуць на агароджанай дротам тэрыторыі. Для іх няма ніякіх культурных і пазнавальных праграмаў. Іх нават аніразу не звазілі ў знакаміты гомельскі парк, у музэі, тэатры і дзіцячыя атракцыёны. Большую частку дня яны сьпяць (у такім узросьце здаровых дзяцей не супакоіш — ім хочацца гуляць і гарэзіць). Яны працягваюць есьці прадукты, атручаныя радыяцыяй. У будучыні прыйдзецца яшчэ разьбірацца, што за “рэабілітацыю” атрымліваюць малыя беларусы ў гэтых экспэрымэнтальных цэнтрах. Чаму церпяць гэты зьдзек бацькі беларускіх дзяцей?

Юрка Марозаў