ЧАРГОВАЕ ПРЫЗНАНЬНЕ ВІКА

Яшчэ 6 жніўня ў расейскіх інтэрнэтвыданьнях зьявілася сэнсацыйнае паведамленьне. Чарговая сэнсацыя ад незабыўнага Ганса Віка, колішняга кіраўніка групы АБСЭ ў Менску, стваральніка і сапраўднага кіраўніка псэўдаапазыцыі ў Беларусі. Вік у чарговы раз “сдал с потрохамі” (як кажуць на Лубянцы) сваіх кліентаў. Цытуем расейскую копію нямецкага арыгіналу з “Дойчэ Веле”: “Ханс-Георг Вик: Если демократические силы в Беларуси не будут финансироваться из-за рубежа, они исчезнут вообще”. І яшчэ адна цікавая цытата зь Віка: “Евросоюз ранее тоже проводил программы по развитию сотрудничества с Беларусью в самых разных сферах, в том числе в области демократии и прав человека. Однако система была такова, что финансировались только те из программ, которые получали одобрение белорусских властей...”

У папярэдніх сваіх прызнаньнях Вік быў больш канкрэтным і паведаміў, што грантаўская дапамога для “аб'яднанай апазыцыі” рабілася ім (прадстаўніком эўрапейскай дэмакратычнай структуры) з санкцыі КГБ РБ. Цяпер Вік не называў канкрэтных інстытуцыяў менскай дыктатуры, якія разам зь ім аплочвалі на працягу гадоў вінцучкоў-лебедько і іжэ зь імі. Але сэнс выказваньняў ад гэтага не мяняецца. Сказанае цяпер на дыпляматычнай мове чытаецца адназначна на звычайнай чалавечай мове. Вік канстатаваў, што палітычныя путаны адразу ж пакінуць менскую панэль, як толькі ім ня будуць выплочваць грошы.

Сапраўдныя патрыёты (а не падстаўныя і створаныя з санкцыі КГБ РБ) вядуць змаганьне за Беларусь, не спадзяючыся на гранты і не патрабуючы санкцыі КГБ. Пра гэта ведае і сам Вік, і эўрапейскае грамадзтва. Вядома нават з нямецкай гісторыі, што нямецкія антыфашысты змагаліся супраць гітлерызму не за гранты і не з санкцыі гестапа, што падчас французкай акупацыі нямецкія паўстанцы змагаліся супраць акупантаў, ня маючы санкцыі ад Напалеёна.

На вікаўскую заяву напоўніўся “справедлівым гневом” вядомы Вінцук Вячорка (ён доўга спрабаваў называць сябе “лідэрам БНФ”, а цяпер знаходзіцца на дзясятых ролях у мілінкевічаў-калякіных). У “Нар. Волі” за 15 жніўня надрукаваны партрэт “лідэра” і ягоны адлуп Віку, правальшчыку таямніцы палішынэля. Вячорка піша: “Дэмакратычная беларуская справа будзе жыць і пераможа нават тады, калі дапамогі з-за мяжы раптам ня будзе”. Вось так — “раптам”. Далей ён прыгадвае, як разам з паплечнікамі Дубаўцом і Бяляцкім (вядомымі цяперашнімі архігрантасмокамі) з 1979 г. друкаваў улёткі і езьдзіў “зайцам” на паштовых грузавіках. Тут трэба заўважыць, што Вячорка кажа праўду — так яно й было ў 1979 г. і яшчэ нават на пачатку 1990-х гадоў, пакуль Масква і Захад не дамовіліся аб стварэньні ў Беларусі антыбеларускай псэўдаапазыцыі, прысьцёбнутай да шклоўскага рэжыму. Як толькі “зарубежные друзья” запрапанавалі грошы, стомленыя “барбой” рамантыкі грошы ўзялі. Яны заявілі аб тым, што “нацыянальная ідэя сябе вычарпала” (Хадыка) і прагаласілі пераход на пазыцыі прагматызму (палітычнага бізнэсу).

Вячорка і іншыя грантасмокі здрадзілі ідэалам свайго юнацтва. Гэта ёсьць сапраўдная чалавечая трагедыя, якую бачаць усе, акрамя гэтых людзей. Яны зрабіліся марыянэткамі ў руках сілаў, якія імкнуцца зьнішчыць наш народ і Беларускую Дзяржаву. Яны сталі жыць і дзейнічаць пад камандай Віка і з санкцыі КГБ. І ў гэтай сваёй дзейнасьці зайшлі ўжо так далёка, што шляху назад для іх няма.

Застаецца яшчэ адно пытаньне: чаму Ганс Вік у чарговы раз ды так груба здаў сваіх халуёў, сваю агентуру, чаму ён так распрануў іх? Ведаеце, нягледзячы на ўвесь свой прафэсійны цынізм, Гансу Віку таксама “нічто человеческое не чуждо”... Ствараючы на прыканцы 1990-х гадоў падстаўную псэўдаапазыцыю, кіруючы ёю ва ўсіх яе правальных справах, Вік спадзяваўся падзякі ад шклоўскага рэжыму і маскоўскіх гаспадароў. А тыя абышліся зь ім зусім ня так як са Шродарам — ўзялі ды вікінулі нямецкага шпіёна з грукатам за межы РБ. Сумленьня няма, а ўсяроўна крыўдна. Да таго ж, афіцыйная Масква пачала зноў весьці самастойную палітыку, непрадугледжаную томскім пактам Молатава-Рыбэнтропа... э-э, прабачце, Пуціна-Мэркель. Вось і вымушаны берлінскі “хросны бацька” шклоўскай псэўдаапазыцыі нанесьці прэвэнтыўны ўдар па створанай ім жа спэцструктуры. Як у Гогаля: “Я тебя породіл, я тебя і убью...” Сапраўды, нічога новага ў параўнаньні з клясікай. Здрада і служэньне ворагу заўсёды прыводзяць да горкіх вынікаў.

Янка Базыль