ВУЧЫМСЯ Ў ЭСТОНЦАЎ

Згадваю, як недзе на пачатку 1980-х цэнтральнае (маскоўскае) тэлебачаньне рыхтавала вялікую праграму да Дня савецкай канстытуцыі. Такая імпрэза ладзілася штогод. У Маскву зьбіралі дыктараў і артыстаў з усіх пятнаццаці рэспублік. Гэтая шматгадовая цыклявая праграма называлася “Широка страна моя родная”.

Вельмі адбілася ў памяці самая першая паездка на тую цыклявую імпрэзу. Паказваюць мне ў Астанкінскай студыі сцэнар. Вядоўцы павінны чытаць вершы нацыянальных паэтаў у перакладзе на расейскую мову.

І вось рэпэтыцыя. Эстонская дыктарка Аліс Тальвік дэклямуе верш, які заканчваецца радком “Эстония — советская страна”. І раптам у яе вырываецца:

– Эстония — моя страна!

З націскам на слове “моя”. З апаратнай — лямант! Рэдактары, рэжысэр па гучнай сувязі тлумачаць, што такіх памылак рабіць нельга: гэта не твая, а савецкая краіна! Аліс нібыта ўсё разумее. На наступнай рэпэтыцыі кажа, як належыць.

І вось — эфір. Даходзіць чарга да Аліс. Перад апошнім радком верша яна набірае як мага болей паветра і выдыхае:

– Эстония — моя страна!

Так і прагучала на ўвесь Савецкі Саюз. Эфір жа быў жывы.

Для мяне гэта стала прыкладам патрыятызму, падказала, як трэба адстойваць сваё, нацыянальнае.

Зінаіда Бандарэнка