ГЭБЕЛЬСАЎШЧЫНА

Банальная раніца. За кавай і гарбатай перад выйсьцем на працу беларус, як мільёны іншых людзей на плянэце, слухае радыё. Большасьць радыёстанцыяў на беларускіх хвалях і іншых СМІ ў адкрытую выконваюць функцыю як той казаў “коллектівного організатора і руссіфікатора”. “Комсомольская правда”, “Русская волна”, “Русское радіо” — іх процьма ў нашым жыцьці. Яны, як зязюліны дзеці, выштурхнулі з беларускага гнязда ўсё наша, усё чалавечае і нармальнае. Гэтая зьява даўно ўжо мае сваю назву — гэбельсаўшчына, што значыць — чужая, бязьмежна хлусьлівая і нахабная дэзынфармацыя. Калі беларус нават знойдзе радыёстанцыю на роднай дзяржаўнай мове, то падумае, што лепш бы яе ня было.

У камунікаце навінаў дыктар штучным голасам біяробата бадзёра паведамляе нам “важныя паведамленьні”: “У Жабінкаўскім раёне Берасьцейскай вобласьці сёньня адбудзецца паседжаньне райвыканкаму, будуць абмеркаваны праблемы мастацкай самадзейнасьці і падвышэньня культурнага ўзроўню... У Маскве выступіў сакратар СНД, адказны за беларуска-расейскую дружбу і распавёў, як яна (гэтая дружба) і культурная супрацоўніцтва ўмацоўваюцца...” Такое ўражаньне, што ўсю папярэднюю ноч грамадзяне Беларусі не маглі заснуць, варочаліся з боку на бок, часта ўставалі з ложка і нэрвова палілі на кухні. Яны ўсё думалі: “Ну, як там у Жабінкаўскім раёне? Ці няма якога адставаньня ў разьвіцьці мастацкай самадзейнасьці? Ці хапае гармонікаў і бубнаў у жабінкаўскім клюбе? А ў Маскве, ці дастаткова моцна наладжваюць там дружбу з РБ?”

Гэткія “навіны” у сталіцы, а правінцыялы, як заўсёды, бяруцца за гэбельсаўскую справу яшчэ з большым энтузіязмам. Вось прыклад ранішняй забаўляльнай нібыта праграмы гомельскага тэлебачаньня. Цвіком сёньняшняга эфіру выведзены тэлесюжэт у стылі “настальжы”. Тэлевядучы (не вымаўляе адэкватна большасьць зычных): “А теперь мы познакомим вас с коллекционером значков из Ново-Белицы. Он уже много лет собирает значки, посвящённые Владимиру Ильичу Ленину. Собрал несколько тысяч...” І буйным плянам паказваюць грамадзяніна, абвешанага з ног да галавы ленінамі. Можна было б пасьмяяцца з гэтага гэбельсаўскага маразма, які добра знаёмы беларусам сталага пакаленьня па савецкіх часах. Але ня сьмешна.

У гэты ж дзень у Менску адбываецца афіцыйнае выгнаньне на брук пісьменьніцкай арганізацыі нашай краіны. Па ўсёй Беларусі напярэдадні 1 верасьня падпісаны загады на ліквідацыю яшчэ некалькіх дзесяткаў беларускіх школаў, ператвораных у “русскоязычные”. У Маскве пад сурдзінку пра “дружбу” зроблена яшчэ некалькі крокаў па рэалізацыі пляна зьнішчэньня Беларускай Дзяржавы. А яны нам пра жабінкаўскі клюб і Леніна. Гэбельсаўшчына не бывае сьмешнай.

У савецкі час крамлёўскія гэбельсаўцы паведамлялі нам штораніцы, колькі дзіцячых садкоў за мінулыя суткі пабудавалі савецкія жаўнеры ў мірным Аўганістане. А курсам на Менск, Гомель і Горадню з Кабула ўжо ляцелі самалёты, напоўненыя забітымі і скалечанымі беларусамі, ахвярамі маскоўскай авантуры. Інфармацыйная гэбельсаўшчына зьяўляецца важнейшым элемэнтам рэстаўрацыі русіфікатарскага, антыбеларускага ладу ў нашай краіне.

Трэба прызнацца, што такіх пачварных формаў не дапускае са сваім насельніцтвам нават расейская прапаганда. Нам хочуць даказаць, што мы нейкія адсталыя і недаразьвітыя істоты, што наш духоўны ўзровень якраз і адпавядае ўзроўню іхнай русіфікатарскай гэбельсаўшчыны. Гэта ёсьць толькі пачатак. Калі, крый Божа, на нашай зямлі ў адкрытую атабарыцца расейскі акупант і заявіць, што “Белоруссія — это часть Россіі”, то цалкам завершыцца рэстаўрацыя крамлёўскіх бурбонаў. Нашы юнакі зноў будуць гінуць на Каўказе і іншых каляніяльных войнах крамлёўскай імпэрыі, зноў самалёты будуць везьці ў нашы семьі трупы і калек. А радыё з тэлебачаньнем будуць зноў весела паведамляць пра пабудову дзіцячых садкоў у Грозным і Хасавьюрце. Ці ж не зразумела што трэба рабіць, каб гэтага не здарылася?

Янка Базыль